Кардынал Паралін: няхай змучаная Украіна стане квітнеючым садам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Бог не кажа нам скарацца перад несправядлівасцю”, - сказаў кардынал П’етра Паралін у сваёй гаміліі падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, якую вечарам 17 лістапада 2022 года ўзначаліў у рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. У літургіі бралі ўдзел таксама некаторыя іерархі Рымскай курыі, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў з Украіны і іншых краін, прадстаўнікі каля 70-ці дыпламатычных місій.
Дзяржсакратар заклікаў “не паддавацца спакусе расчаравання і роспачы” перад абліччам амаль дзевяці месяцаў вайны, якая ператварыла частку Украіны ў руіну – пустую, поўную развалін і ахутаную цемрай. Спасылаючыся на словы прарока Ісаі, ён звярнуў увагу на тое, што Божы чалавек бачыць шлях да аздараўлення, да адбудовы: пустыня стане садам, які ў сваю чаргу ператворыцца ў густы лес.
Іерарх заахвоціў прасіць Пана Бога, “каб спаслаў Свайго Духа і вызваліў чалавецтва ад бедстваў узброеных канфліктаў”. Насамрэч, Бог хоча, каб усе жылі ў згодзе, не знішчаючы адзін аднаго, але дапамагаючы адзін аднаму ўзрастаць. Ён падкрэсліў, што жаданнем Бога з’яўляецца “сапраўднае агульначалавечае братэрства”.
“Памолімся Богу, каб змучаная Украіна зноў ператварылася з пустыні ў квітнеючы сад”, - сказаў кардынал Паралін. Пры гэтым ён заўважыў, што “калі Пан просіць нас падставіць другую шчаку, Ён не просіць скарацца перад несправядлівасцю”.
Іерарх некалькі разоў падкрэсліваў неабходнасць “справядлівасці і міру” ва Украіне і ва ўсіх краінах свету, пацярпелых ад вайны. Але “калі абарона ад знешняга зла апраўданая, неабходна таксама ўнутраная абарона ад нянавісці і жадання помсты”, - адзначыў ён.
Кардынал Паралін нагадаў, што Бог “не просіць нас рабіць тое, што з’яўляецца несправядлівым або немагчымым”, але заахвочвае нас “супрацоўнічаць з Ім у чыненні дабра”. Таму важна верыць у магчымасць міру, “нават пустыня мае права на надзею”, - заключыў Дзяржсакратар, спасылаючыся на літургічныя чытанні.