Папа прызначыў сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Новапрызначаны сакратар ватыканскага ведамства нарадзіўся 14 мая 1984 года ў штаце Мінас-Жэрайс у Бразіліі. У 2015 годзе атрымаў ступень бакалаўра ў тэалогіі ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, а ў 2019 годзе ступень магістра філасофіі ў Саленційскім універсітэце ў італьянскім горадзе Лечэ.
З 2005 па 2016 год праходзіў фармацыю ў Кангрэгацыі малых спраў Божага Провіду, але пакінуў гэту манаскую супольнасць да прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння. Дагэтуль працаваў настаўнікам рэлігіі ў Навуковым і лінгвістычным ліцэі імя Антоніа Валонэ ў горадзе Галаціна на поўдні Італіі.
Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця ўзначальвае амерыканскі кардынал ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл. Падсакратары структуры – дзве італьянскія свецкія верніцы: Лінда Гізоні і Габрыэла Гамбіна. Да 2022 года на працягу пяцігадовага тэрміну сакратаром ведамства быў айцец Алешандрэ Аві Мэло з Бразіліі.