Паралін: кіравацца прынцыпамі справядлівасці і агульнага дабра
Марыя Валодзіна – Vatican News
26 лістапада 2022 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы наведаў італьянскі горад Віджэвана, дзе асвяціў новы алтар у саборы святога Амброзія, а таксама прыняў удзел у сустрэчы на тэму Прысутнасць і дыялог Касцёла ў грамадстве.
На думку іерарха, у жыцці і грамадстве хрысціянін павінен мець “аскетычны стыль, які складаецца з пакоры, слухання і дыялогу”, але таксама і “радыкальны стыль пастаяннага навяртання для таго, каб яго перакананне было ўсё больш сапраўдным, бо яно паўстае з натхнення Панам і крытычнай увагі да эвалюцыі рэальнасці і гісторыі”.
У сацыяльнай, культурнай і палітычнай сферах Касцёл павінен “прытрымлівацца стылю, які лічыць каштоўнасцю чалавечую свабоду перад абліччам дабра, якое вызначае Бог і сумленне", - падкрэсліў кардынал Паралін, дадаўшы, што неабходна разам усталёўваць правілы паводзін, каб яны адпавядалі справядлівасці”.
Варта памятаць, што “у грамадскім жыцці неабходна гарманізаваць аператыўную эфектыўнасць і чалавечую годнасць, кампетэнтнасць і захапленне", - працягнуў іерарх, кажучы што для Касцёла палітычныя і эканамічныя справы павінны кіраваць не індывідуальнай выгадай, а прынцыпамі справядлівасці і агульнага дабра на палітычным узроўні, а таксама прынцыпам дабрачыннасці на асабістым і касцёльным узроўнях. Акрамя таго, “палітычныя і сацыяльныя паводзіны нельга разглядаць як фізічныя і біялагічныя з'явы, якія вывучаюцца навуковым метадам”. Па гэтай прычыне юрыспрудэнцыя павінна ўлічваць каштоўнасці дабра, а не толькі імкнуцца да працэдурнай карэктнасці.
Напрыканцы сваёй прамовы кардынал Паралін паразважаў пра ролю католіка ў грамадстве: “Каб заставацца сапраўдным хрысціянінам, ён павінен быць сапраўды добрым грамадзянінам, а каб быць добрым грамадзянінам, ён павінен заставацца сапраўдным чалавекам, а каб быць сапраўдным чалавекам, ён павінен даць адказ любові на таямніцу, якая ставіць перад ім пытанні ў яго гісторыі і якая знаходзіць у Езусе свой гістарычны і эсхаталагічны фундамент”.