Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін пра шляхі вырашэння харчовага і воднага крызісаў

Голад і адсутнасць харчовай і воднай бяспекі ўзмацняюцца з-за войнаў і канфліктаў, кліматычнага крызісу, няроўнасці, адсутнасці жадання дзяліцца рэсурсамі і тэхналогіямі, а таксама зняважлівага стаўлення да прыроды, – заявіў 8 лістапада 2022 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці падчас круглых сталоў на канферэнцыі СOP27.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Кардынал Паралін адзначыў шэраг дзеянняў, неабходных для паляпшэння харчовай бяспекі падчас кліматычнага крызісу.

Па-першае, неабходна садзейнічаць устойлівай вытворчасці і ўстойліваму кіраванню зямельнымі рэсурсамі, каб спрыяць адаптацыі да змены клімату і змякчэнню яе наступстваў, падтрымліваць здаровыя экасістэмы, павышаць прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Дыверсіфікацыя сельскагаспадарчай вытворчасці спрыяе ўстойлівасці харчовых сістэм.

Па-другое, трэба ўмацоўваць харчовую бяспеку з дапамогай сацыяльнай абароны і пашырэння магчымасцяў уразлівых слаёў насельніцтва. Грамадскія арганізацыі і рэлігійныя супольнасці выконваюць важную ролю ў забеспячэнні сацыяльнай абароны, напрыклад, дзякуючы праграмам дзіцячага і школьнага харчавання, страхавання, пенсійных схем і гарантаванай занятасці.

Па-трэцяе, неабходна заахвочваць здаровае і ўстойлівае харчаванне, каб спыніць недаяданне і прадухіліць такія неінфекцыйныя захворванні, як дыябет, інсульт, рак і сардэчныя захворванні.

Па-чацвёртае, скараціць колькасць харчовых адходаў і выкідаў парніковых газаў як на ўзроўні вытворчасці харчавання, так і на ўзроўні яго спажывання. Існуе шырокі спектр перадавых практык, такіх як аграэкалагічныя падыходы, а таксама адукацыйныя ініцыятывы па скарачэнні страт і адходаў харчавання.

У рэшце, неабходна ўключыць харчовыя сістэмы ў фінансаванне дзейнасці па барацьбе са зменай клімату: бедныя слаі насельніцтва, у тым ліку і дробныя фермеры, цесна звязаны з харчовымі сістэмамі і больш за ўсё пакутуюць ад кліматычнага крызісу.

Харчовыя сістэмы таксама з'яўляюцца асноўнай крыніцай выкідаў парніковых газаў. Гэта робіць іх прыярытэтам для інвестыцый у галіне адаптацыі і змякчэння наступстваў змены клімату. Аднак у цяперашні час такія інвестыцыі складаюць толькі невялікую частку ад агульнага аб'ёму фінансавання, - падкрэсліў Дзяржсакратар.

Змена клімату ставіць пад пагрозу і сусветныя водныя рэсурсы. Растуць дэфіцыт і забруджванне вады, закранаючы самыя бедныя слаі насельніцтва. Становіцца цяжэй гарантаваць стабільнае забеспячэнне пітной вадой, а таксама санітарыю і гігіену, якія маюць фундаментальнае значэнне для здароўя чалавека, і ўсё ж многія людзі да гэтага часу не маюць да іх доступу.

Усё гэта патрабуе перамен у кіраванні воднымі рэсурсамі, уключаючы справядлівае выкарыстанне водных рэсурсаў, а таксама больш разумнае размеркаванне вады для харчовых сістэм. Тэрмінова неабходныя новыя, комплексныя падыходы і ўзмоцненыя намаганні. У той час як даступнасць вады рэзка адрозніваецца па ўсім свеце, адрозненні ў доступе да вады часцей за ўсё абумоўлены палітыкай і памылковымі стратэгіямі кіравання воднымі рэсурсамі. Для вырашэння гэтых узаемазвязаных праблем Святы Пасад прапануе наступныя дзеянні:

Па-першае, палепшыць кіраванне воднымі рэсурсамі ў сельскай гаспадарцы.

Па-другое, гарманізаваць сумеснае выкарыстанне водных рэсурсаў у трансгранічных водных сістэмах, ператварыўшы іх у здабытак супольнасці, а не ў крыніцы канфліктаў.

Па-трэцяе, скараціць страты вады і адходы харчавання на ўзроўні вытворчасці і спажывання, у тым ліку з дапамогай адукацыйных ініцыятыў.

Па-чацвёртае, скаардынаваць мерапрыемствы ў сістэме водазабеспячэння з мерапрыемствамі ў галіне харчавання і аховы здароўя.

Па-пятае, вырашыць праблему сацыяльнай няроўнасці ў галіне забеспячэння вадой, харчаваннем, санітарыяй і гігіенай.

У рэшце, палепшыць якасць і маніторынг дадзеных у галіне водазабеспячэння і харчавання, выкарыстоўваючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

На думку іерарха, мы не павінны ігнараваць прамую сувязь паміж харчовым, водным і кліматычным крызісамі. Харчовыя сістэмы і водная бяспека могуць і павінны граць важную ролю ў кліматычнай палітыцы і павінны быць уключаны ў нацыянальныя кліматычныя стратэгіі, – падкрэсліў Дзяржсакратар.

09 лістапада 2022, 13:24