Пошук

Канферэнцыя па клімаце COP27 у Шарм-эль-Шэйху Канферэнцыя па клімаце COP27 у Шарм-эль-Шэйху 

Святы Пасад на COP27: прымаць рашэнні тэрмінова і адказна

Неабходна садзейнічаць абноўленай мадэлі развіцця і ўстойлівасці, заснаванай на клопаце, братэрстве і супрацоўніцтве, - адзначыў Апостальскі нунцый у Егіпце арцыбіскуп Нікаля Тэвенін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Тэрміновасць і адказнасць з'яўляюцца дзвюма асноўнымі дырэктывамі працы канферэнцыі па клімаце (COP27). Такую пазіцыю выказаў Апостальскі нунцый у Егіпце і дэлегат Святога Пасаду ў Лізе арабскіх дзяржаў арцыбіскуп Нікаля Тэвенін, выступаючы на саміце па змяненні клімату, які працягнецца ў Шарм-эль-Шэйху да 18 лістапада 2022 года.

Па словах ватыканскага дыпламата, для вырашэння “кліматычнага крызісу, які закранае занадта шмат людзей, асабліва самых бедных і найбольш уразлівых” неабходны тэрміновасць і адказнасць, а таксама канкрэтныя дзеянні па ўмацаванню чатырох стаўпоў Парыжскага пагаднення: змякчэнне наступстваў, адаптацыя, фінансы і страты.

Адных толькі палітычных, тэхнічных і аператыўных мер недастаткова. Іх трэба спалучаць з “адукацыйным падыходам, які спрыяе новаму ладу жыцця”, а таксама абноўленай мадэлі развіцця і ўстойлівасці, заснаванай на клопаце, братэрстве і супрацоўніцтве.

Акрамя таго, звярнуў увагу прадстаўнік Святога Пасаду, нельга ігнараваць сувязь паміж кліматам, харчаваннем і вадой. Падыход да харчовых сістэм “можа і павінен граць важную ролю ў кліматычнай палітыцы”. Час для таго, “каб дасягнуць канчатковага выніку, які можа ўяўляць сабой сапраўдны крок наперад”, скарачаецца, - нагадаў прадстаўнік Папы.

Нагадаем, што ў мінулую нядзелю пасля малітвы Анёл Панскі Францішак выказаў пажаданне з нагоды кліматычнага саміту ў Егіпце. Ён спадзяецца, што з дапамогай мужнасці і рашучасці будуць зроблены крокі наперад на шляху, вызначаным Парыжскім пагадненнем.

17 лістапада 2022, 10:35