Пошук

Выстава “100 батлеек у Ватыкане” Выстава “100 батлеек у Ватыкане” 

100 батлеек у Ватыкане: адкрыццё ўнікальнай выставы

На плошчу святога Пятра вяртаецца выстава 100 батлеек у Ватыкане, у якой прымуць удзел мастакі з усіх куткоў свету.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сёлетнюю экспазіцыю ўвайшлі 120 ясляў, якія паходзяць з розных еўрапейскіх краін, у прыватнасці, з Украіны, Венгрыі, Мальты, Славеніі, Славакіі, Харватыі, а таксама з іншых краін свету, такіх як Тайвань, Венесуэла, Гватэмала.

У прэс-рэлізе арганізатараў выставы адзначаецца, што ўсе батлейкі вельмі розныя: яны зроблены ў розных стылях і адлюстроўваюць натхненне і фантазію мастакоў. Некаторыя экспанаты закранаюць выклікі і крызісы сучаснасці, такія як вайна ва Украіне, змена клімату або трагедыі ў Міжземным моры.

Экспазіцыя абнаўляецца штогод. Творы паходзяць з усіх італьянскіх рэгіёнаў і з іншых краін свету. Батлейкі створаны як мастакамі, так і аматарамі, вучнямі школ і прадстаўнікамі розных арганізацый і таварыстваў. Выкарыстоўваюцца разнастайныя матэрыялы: тканіны, дрэва, срэбра, бронза, жалеза, каралы, шкло, кераміка, газетная папера, перапрацаваныя матэрыялы, шакалад, гузікі, свечкі, алоўкі і г.д. Большасць кампазіцый – статычныя, але некаторыя рухаюцца. Памеры фігур вар’іруюцца ад мініяцюрных да статуй у чалавечы рост.

Інаўгурацыя гэтай унікальнай міжнароднай выставы адбудзецца пад каланадай Берніні 8 снежня 2022 года, у 16.00. У мерапрыемстве, якое ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела, префет Дыкастэрыі па евангелізацыі, прымуць удзел прадстаўнікі Пасольства Украіны пры Святым Пасадзе. Будзе прысутнічаць таксама аркестр Ватыканскай жандармерыі, а прадстаўнікі ўкраінскай супольнасці праспяваюць традыцыйныя калядныя спевы.

Выстава 100 батлеек праводзіцца ў Рыме штогод у калядны перыяд, пачынаючы з 1976 года. Да 2018 года яна размяшчалася на рымскай П'яцца-дэль-Попала. Мэта выставы – папулярызаваць традыцыю калядных ясляў. Спачатку гэта была ініцыятыва рэдакцыі часопіса Rivista delle Nazioni, але з-за цяжкасцяў фінансавання за кошт сродкаў, атрыманых ад продажу квіткоў, паўстала пагроза яе працягу. Падтрымку мастацкай ініцыятыве, з улікам яе вялікага евангелізацыйнага патэнцыялу, вырашыла аказаць Апостальская Сталіца. Так пяць гадоў таму выстава перамясцілася на тэрыторыю Ватыкана.

Выстава будзе вітаць наведвальнікаў на працягу пяці тыдняў, з 8 снежня 2022 па 8 студзеня 2023 года, з 10.00 да 19.30, штодня, акрамя 24 і 31 снежня, калі экспазіцыя закрыецца ў 17.00. Уваход свабодны.

06 снежня 2022, 11:18