Пошук

Папа Францішак і кардынал Маўра Гамбэці Папа Францішак і кардынал Маўра Гамбэці 

Гамбэці: адукацыя неабходная для пабудовы братэрскай будучыні

Выхаванне – перадумова для пабудовы будучыні, - заявіў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр базылікі Святога Пятра, адкрываючы сімпозіум “Пазнаць адзін аднаго на парозе адукацыі”.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Cімпозіум “Пазнаць адзін аднаго на парозе адукацыі” (Riconoscersi sulla soglia dell’educativo), які адбыўся 3 снежня 2022 года ў Ватыкане, быў прысвечаны тэме адукацыі і выхавання. Гэта трэцяя і апошняя ў гэтым гаду сустрэча “Сінадальнага юбілейнага шляху”, арганізаваная базылікай святога Пятра і фондам Fratelli Tutti. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі спорту, парафій і тыя, хто дапамагае выхоўваць моладзь пасля пандэміі.

Адукацыя сёння – гэта перадумова, аснова для пабудовы будучыні, - заявіў кардынал Маўра Гамбэці, адкрываючы сімпозіум. На яго думку, школа і сям'я – два слупы, на якіх заснавана адукацыя – павінны стаць саюзнікамі і дзейнічаць разам, з сінадальнага пункту гледжання, каб пацвердзіць дамову паміж адукацыйнымі ўстановамі, сацыяльнымі службамі і сем'ямі.

“Мы жывём у перыяд змены эпох”, - лічыць К'яра Джакардзі, выкладчыца сацыялогіі і антрапалогіі СМІ Міланскага каталіцкага універсітэта, для якой “выхоўваць азначае клапаціцца”. У нашым энтрапійным свеце чалавек рызыкуе зруйнаваць самі ўмовы свайго выжывання, - адзначыла яна, маючы на ўвазе наступствы глабальнага пацяплення, страты біяразнастайнасці і рытмаў прыроды, а таксама сацыяльную фрагментацыю. “Індывідуальнае жыццё ўсё больш залежыць ад тэхналогій, таму існуе рызыка прызнаваць толькі тое, што можна колькасна ацаніць у лічбах або дадзеных". І ўсё ж нам патрэбныя духоўнасць і прыгажосць, якія не паддаюцца колькаснаму выразу, - зазначыла выкладчыца.

"Выхаванне - гэта творчая аперацыя", - лічыць сакратар дактрынальнага аддзела Дыкастэрыі веравучэння Арманда Матэа. Выхоўваць таксама азначае адпускаць ад сябе, і для бацькоў часам нялёгка даць дзіцяці магчымасць абысціся без іх. Істотнай умовай для таго, каб гэты неабходны працэс аддзялення прайшоў правільна, з'яўляецца сталасць бацькоў, якім неабходна перастаць “пераследваць міф пра вечную маладосць”.

05 снежня 2022, 13:17