Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Інаўгурацыя калядных ясляў і ёлкі на плошчы святога Пятра

Вечарам 3 снежня 2022 года адбудзецца цырымонія інаўгурацыі святочнай кампазіцыі на ватыканскай плошчы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Цырымонію ўзначаляць кардынал Фэрнанда Вергэс Альсага і сястра Рафаэла Пэтрыні, адпаведна, Старшыня і Генеральны сакратар Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. Яны адкрыюць яслі Божага нараджэння і запаляць агні на вялікай каляднай ёлцы, усталяванай на плошчы святога Пятра.

У цырымоніі прымуць удзел афіцыйныя дэлегацыі з Сутрыа, што ў італьянскім рэгіёне Фрыулі-Венецыя-Джулія, і Разэла з рэгіёна Абруца, адкуль прыбылі яслі і святочнае дрэва.

Упрыгожванні для каляднай ёлкі – велічнай белай піхты – былі зроблены моладдзю з рэабілітацыйна-псіхіятрычнага комплексу Чатырохлістнік (Quadrifoglio), у супрацоўніцтве з бабулямі і дзядулямі з Цэнтра для пажылых імя святога Антонія, што ў мястэчку Барэла, а таксама з вучнямі школ у Піцаферата, Квадры і Віла-Санта-Марыя.

Дэлегацыя Гватэмалы, якая сёлета ўпрыгожыла яслямі ватыканскую Залу Паўла VI, таксама паўдзельнічае ў цырымоніі. Яе будзе ўзначальваць міністр замежных спраў Марыё Бакара Флорэс.

У той жа дзень, раніцай, дэлегацыі Разэла, Сутрыа і Гватэмалы прыме на аўдыенцыі Папа Францішак.

Святочныя яслі і ёлка застануцца на ватыканскай плошчы да заканчэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння, які супадае са святам Хросту Пана, што будзе адзначацца ў нядзелю, 8 студзеня 2023 года.

02 снежня 2022, 13:53