Кардынал Краеўскі завяршыў місію ва Украіне: я не сустрэў наракання
Ян Глінскі
Іерарх асабіста на працягу некалькіх дзён перавозіў праз мяжу агрэгатары электрычнасці і тэрмабялізну. Дапамога была дастаўлена ў Кіеў, Запарожжа, Адэсу і Харкаў. “Дзякуючы велізарнай салідарнасці людзей, якія ўдзельнічаюць у ватыканскім зборы сродкаў, дапамога будзе працягвацца”, – адзначыў у інтэрв’ю Vatican News Апостальскі элемазінарый, дадаўшы, што зіма вельмі ўскладняе жыццё ўкраінцаў, якія мужна бароняць сваю краіну.
Гледзячы на Украіну, агорнутую цемрай з-за адсутнасці электрычнасці, іерарх падкрэсліў якой надзеяй з’яўляецца Божае Нараджэнне: “Гэтак жа як нечакана прыйшла вайна, так і мір ва Украіне запануе нечакана”.
Папскі пасланнік падзяліўся, якім моцным досведам была для яго Пастэрка ва ўмовах вайны, якую ён цэлебраваў у дамініканаў у Фаставе: “Былі ўсе: і праваслаўныя, і грэка-католікі, і няверуючыя – і ўсе сустрэліся ў касцёле. Гэта было моцнае перажыванне супольнасці людзей, якія чыняць добра і пад кіраўніцтвам дамініканаў. Я працягваю гэтым жыць”.
Кардынал распавёў пра сваю сустрэчу з кіраўніком Грэка-Каталіцкай Царквы Украіны Святаславам Шаўчуком: “Мы разам радаваліся, што так шмат асобаў у у гэты трагічны момант для Украіны дзеляцца ўсім, што маюць. Няма недахопу ў спантаннасці ў дапамозе іншаму чалавеку, а тут кожны дзень прыносіць іншы варыянт. Я ведаю, што гэта значыць”.
Трымаючы сувязь са Святым Айцом, якая не заўсёды была добрай з-за частай адсутнасці электрычнасці, іерарх, між іншым, перадаваў яму сваё захапленне адзінствам, якое пануе паміж мясцовымі Цэрквамі, якая гэта “вялікая сям’я”, дзе “ўсе працуюць разам”.
Кардынал Краеўскі падзяліўся таксама, што вельмі ўражаны сілай і нязломнасцю ўкраінцаў: “Яны перакананы, што перамогуць. Яны на сто працэнтаў упэўнены, што перамога блізка. І дасканала ведаюць, што гэта толькі дзякуючы людзям, якія ім дапамагаюць”.
“Я вывожу з Украіны неверагоднае жаданне жыць гэтых людзей, іх неверагодную еднасць, неверагоднае прагненне міру, – падзяліўся папскі пасланнік. – І што цікава, я не сустрэў тут нянавісці ў тых, сярод каго знаходзіўся. Яны ратавалі жыццё, дапамагалі іншым, дзяліліся ўсім. Але не было наракання. Не было праклёнаў у бок ворага”.
Па просьбе Святога Айца кардынал Краеўскі ў месцах, дзе бываў, пакінуў папскія ружанцы. Яны будуць пілігрымаваць па сем’ях і супольнасцях, дзе будзе трываць малітва аб міры. “Я прасіў, каб кожны браў яго дадому на 24 гадзіны, і каб гэты ружанец пілігрымаваў па сем’ях. Таксама па сем’ях людзей, якія не звязаны з Касцёлам, – патлумачыў прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні. – Я падказваў ім, што Маці Божая не толькі нарадзіла Езуса, але таксама стаяла пад крыжам і бачыла, як Ён цярпеў, бачыла, як Ён паміраў, і таму з ёю будзе лягчэй перажыць гэты вельмі цяжкі час, а цяпер яшчэ боль цяжкі, бо зімовы”.