Пошук

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін на святочным абедзе для бедных Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін на святочным абедзе для бедных 

Кардынал Паралін: нам неабходныя салідарнасць і любоў

З нагоды Божага Нараджэння Супольнасць святога Эгідзія арганізавала ў Рыме традыцыйны святочны абед для бедных. Ён прайшоў у базыліцы Маці Божай у Трастэверы з удзелам Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у штогоднім калядным абедзе для прыблізна 300 рымскіх бедных, бяздомных і пажылых людзей, а таксама ўкраінскіх бежанцаў.

Мерапрыемства адзначыла ў гэтым годзе сваю саракавую гадавіну. За гэтыя гады валанцёры і супрацоўнікі Супольнасці святога Эгідзія накармілі святочнымі абедамі больш за 80 тысяч чалавек у Італіі і каля 250 тысяч чалавек у іншых краінах.

Ганаровы госць кардынал Паралін перадаў прысутным "віншаванні і найлепшыя пажаданні Папы Францішка". Ён узгадаў свой першы візіт сюды ў 2015 годзе: "Гэта заўсёды цудоўны і кранальны досвед – бачыць, як усе гэтыя людзі разам святкуюць Божае Нараджэнне, гэта нешта, што кранае сэрца".

Дзяржсакратар выказаў пажаданне “паўтараць і памнажаць” гэты досвед, таму што "мы маем моцную патрэбу ў салідарнасці і любові ў нашым свеце".

Ён таксама адзначыў, што "адзінае рашэнне нашых праблем - быць уважлівымі і блізкімі да іншых, асабліва да тых, хто пакутуе і знаходзіцца ў цяжкім становішчы". "Папа дае нам прыклад штодня", - сказаў ён. - "Мы стараемся ісці за ім у многіх адносінах, мы стараемся зрабіць наш свет крыху лепшым".

Побач з кардыналам калядны абед пакаштавалі Ганна і Памэла, маці і дачка з сірыйскага Алепа, якія знайшлі прытулак у Італіі дзякуючы гуманітарным калідорам, арганізаваным Супольнасцю святога Эгідзія сумесна з Канферэнцыяй Біскупаў Італіі і Евангелічнымі цэрквамі. "Вайна – вельмі дрэнная рэч. Спадзяемся, яны хутка скончацца. Супольнасць святога Эгідзія выратавала нам жыццё. Нашай марай было жыць у міры", - сказалі сірыйскія бежанкі.

"У гэтым гаду мерапрыемства накіравана таксама на тое, каб даслаць пасланне надзеі ў перыяд, адзначаны крызісам і вайной ва Украіне", - патлумачылі арганізатары. Многія з гасцей – украінскія ўцекачы, большасць з якіх жанчыны і дзеці.

Пасля віншаванняў гасцей пачаставалі традыцыйнымі італьянскімі каляднымі стравамі: шчодрымі порцыямі лазан'і, мяснога рулета, сачавіцы і дэсертам. Кожны госць атрымаў таксама персанальны падарунак.
 

26 снежня 2022, 13:32