Пошук

Фотаздымак сям’і Ульма Фотаздымак сям’і Ульма 

Пастулятар: сям’я Ульма – прыклад мужнасці, веры і міласэрнай любові

Адзін з дэкрэтаў Дыкастэрыі па справах кананізацыі, ухваленых Папам 17 снежня 2022 года, тычыцца сям’і Юзафа і Вікторыі Ульма і іх семярых дзяцей, забітых у 1944 годзе нацыстамі ў польскай вёсцы Маркава за ўкрыванне васьмі яўрэяў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Упершыню ў гісторыі Касцёла будзе беатыфікаваная цэлая сям'я, якая “дала нам прыклад мужнасці, веры і любові да бліжняга, а таксама бязмежнай міласэрнай любові, здольнай растапіць нават самыя цвёрдыя сэрцы”, - лічыць ксёндз Вітольд Бурда, пастулятар беатыфікацыйнага працэсу і святар Пшэмысльскай архідыяцэзіі.

Вікторыя падчас растрэлу была на апошніх месяцах цяжарнасці, паведаміў сведка, які клаў цела жанчыны ў труну. Яе ненароджанае дзіця атрымала хрост кроўю. "Касцёл мае дастаткова тэалагічных аргументаў, якія дазваляюць даказаць, што нават ненароджанае дзіця, якое было ва ўлонні маці, без хросту і імя, можа лічыцца мучанікам за веру Хрыстову, - адзначыў ксёндз Бурда, узгадаўшы таксама пакутніцтва нявінных дзяцей, забітых па загадзе Ірада.

За дзевяць гадоў сужэнства ў Юзафа і Вікторыі нарадзілася шасцёра дзяцей, якіх "мудра выхоўвалі ў духу веры і любові": любові да Бога і любові да бліжняга. Сям'я, якая кожную нядзелю хадзіла на Імшу і штодзённа малілася дома, нагадвае нам пра важнасць адукацыі. "Усё пачынаецца ў сям'і", - падкрэсліў святар. Юзаф і Вікторыя таксама вельмі моцна любілі Радзіму, зямлю і сельскую працу.

"Ужо ў першыя гадзіны пасля расстрэлу слуг Божых гэтая смерць разглядалася народам як мучаніцтва”, "людзі, якія распавядалі аб гэтай трагічнай падзеі, казалі пра яе з "вялікай павагай і пашанай". "Праз колькі гадоў сябар Юзафа захварэў і, падышоўшы да магілы Ульма, папрасіў аб заступніцтве." Ён перакананы, што атрымаў ласку Божую праз заступніцтва "дарагога Юзафа".

З таго часу слава прв сям'ю Ульма распаўсюдзілася не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. У 2016 годзе ў Маркаве быў адкрыты музей ў іх гонар. У першыя тры гады ў ім пабывалі каля 50 тысяч чалавек. Акрамя таго, кожны год іх магілу наведваюць шматлікія пілігрымы, таму што для многіх вернікаў яны - "узор закаханых мужа і жонкі, якія пабудавалі сумеснае жыццё на трывалай веры."

"Я заклікаю ўсе пары і сем'і звяртацца па заступніцтва да сям’і Ульма, каб таксама ісці па дарозе любові, засноўваючы свой шлях на веры і сапраўднай прысутнасці Хрыста ў сваім жыцці", - сказаў у інтэрв’ю Vatican News ксёндз Вітольд Бурда.

21 снежня 2022, 12:54