Пошук

Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI 

Пантыфікат Бэнэдыкта XVI – Супрацоўнік праўды

Бэнэдыкт XVI быў абраны на пасад св. Пятра пасля амаль 27-гадовага пантыфікату Яна Паўла ІІ. Папа-навуковец ніколі не імкнуўся засланіць сабой свайго папярэдніка, добра ўсведамляў уласныя абмежаванні.

Калі выбар Калегіі кардыналаў выпаў на яго, стаічна прыняў новую місію: пагадзіўся быць “малым Папам пасля вялікага”, “сціплым работнікам вінаградніку Пана”, аб чым заявіў з Лоджыі благаслаўленняў ватыканскай базылікі адразу пасля абрання.

Лёс склаўся так, што першыя драматычныя падзеі здарыліся літаральна праз год пасля пачатку пантыфікату. Словы Бэнэдыкта XVI, прамоўленыя ў 2006 г. у Рэгенсбургскім універсітэце, выклікалі пратэсты ў мусульманскім свеце. Затым ён рэабілітаваў біскупа Уільяма Уільямсана, не ведаючы, што той быў адмаўляльнікам Халакосту. Пасля гэтага выбухнуў скандал, звязаны з сексуальнымі злоўжываннямі ў касцёльных структурах. А ў 2012 г. адным з блізкіх супрацоўнікаў Пантыфіка былі выкрадзены і перададзены журналістам канфідэнцыйныя ватыканскія дакументы. Усе гэтыя падзеі каштавалі Святому Айцу вялікіх сіл.

Крытыка СМІ абрынулася асабіста на Бэнэдыкта XVI, чаму садзейнічалі ўсё больш і больш цяжкія памылкі ва ўнутранай і знешняй камунікацыі Апостальскай Сталіцы. Падчас крызісу кіраўніцтва Касцёла прадстаўлялася ў выглядзе групы, зацікаўленай толькі ў абароне ўласных інтарэсаў. Магчыма, таму падчас сваёй апошняй вялікай св. Імшы ў ватыканскай базыліцы, у Папяльцовую сераду, з удзелам іерархаў Рымскай курыі, Папа казаў пра “скажэнне аблічча Касцёла”. “Я асаблівым чынам думаю пра грахі супраць адзінства Касцёла, пра падзелы цела Касцёла”, - прызнаўся ён і заклікаў “жыць ва ўсё большай і бачнай еднасці з Касцёлам, пераадольваючы індывідуалізм і варожасць”.
Менавіта Бэнэдыкт XVІ даў пачатак упарадкаванню самых праблематычных сфер у Касцёле. Ён ажыццявіў сур’ёзныя пераўтварэнні ў Рымскай курыі, прывёў да поўнай празрыстасці сітуацыю з ватыканскімі фінансамі, уважліва падыходзіў да прызначэння новых біскупаў, прама прасіў некампетэнтных іерархаў падаваць просьбы аб адстаўцы, чаго не адважваўся рабіць ніводзін папярэдні Папа.

“Касцёл жыве, Касцёл – малады”, - казаў Бэнэдыкт XVI, адзін з самых пажылых Пантыфікаў на момант абрання на Пасад св. Пятра. “Вера – лёгкая!”, “Цудоўна быць хрысціянамі”, “Хто мае надзею, можа жыць інакш”, “Хто верыць, ніколі не бывае самотным”, “Дзе ёсць Бог, там ёсць будучыня”, “Калі хочаш жыць у спакоі, клапаціся пра прыроду” – казаў вялікі мысліцель, які заўсёды ўмеў знайсці патрэбныя словы для акцэнтавання самага фундаментальнага ў каталіцкай веры.

Менавіта гэтаму была прысвечана яго першая энцыкліка “Deus Caritas est”, апублікаваная ў 2005 г. “Паверылі ў любоў Бога – так хрысціянін можа выразіць асноўнае заданне свайго жыцця. Імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны кірунак. З прычыны таго што Бог першы нас палюбіў, любоў больш не з’яўляецца толькі “загадам”, але адказам на дар любові, з якой Бог прыходзіць да нас”, - пісаў Папа. Тэолаг Вольфганг Байнэрт лічыць “Deus Caritas est” “вялікім дакументам Касцёла, які павінен быў бы змяніцца, калі б сур’ёзна паставіўся да гэтай энцыклікі”.

Бэнэдыкт XVI, безумоўна, чалавек слова. Ён змагаўся за прымірэнне двух полюсаў, якія здаваліся супрацьлеглымі: веры і розуму. Высокай тэалогіі і сыноўскай любові да Бога. Дакладнасці і ласкавасці. Вернасці догматам і дыялогу са скептыкамі і няверуючымі.

Ён быў складаным, а часам, магчыма, супярэчлівым: немец у Італіі, на працягу 30 гадоў адзін з кіраўнікоў у Рымскай курыі і ў нейкім сэнсе чужы ёй. Ён быў чалавекам, які адначасова хацеў, каб хрысціяне былі “соллю зямлі” (менавіта так называецца яго кніга, якая стала сусветным бестселерам), і каб Касцёл стаў блізкім свету. Ён быў чалавекам, які бараніў галоўныя праўды хрысціянскай веры і ў той жа час ініцыяваў праект новай евангелізацыі Еўропы, атрыманы ў спадчыну ад свайго папярэдніка. Ён любіў літургію і “рэабілітаваў” форму цэлебрацыі св. Імшы, якая існавала да Другога Ватыканскага Сабора.

Ад самага пачатку Бэнэдыкт XVI сустрэў перашкоды ў дыялогу з ісламам, а яго прамова ў Рэгенсбургскім універсітэце – свядома ці не – мела выразную сувязь з 11 верасня 2001 г. Але менавіта гэты Папа распачаў новы дыялог з ісламскімі інтэлектуаламі, сапраўдны каталіцка-мусульманскі форум. Ён глыбока ўразіў ісламскі свет, калі схіліўся ў малітве падчас візіту ў Блакітную мячэць Стамбула. Ён стаў першым Пантыфікам, які прыняў на аўдыенцыі саудаўскага караля Абдалу, “абаронцу святых месцаў у Мекке і Медыне”. У адказ манарх заснаваў у Вене цэнтр міжрэлігійнага дыялогу, у якім мусульманскія навукоўцы могуць дыскутаваць аб рэлігійнай свабодзе. У выніку не засталося ніякага негатыву ў адносінах паміж Бэнэдыктам XVI і ісламам. Шчыры і выразны тон дазволіў весці дыялог па самых далікатных пытаннях.

Што тычыцца дыялогу з юдаізмам, то яму спрабавалі перашкаджаць толькі СМІ. Насуперак парадам Дзяржаўнага Сакратарыята, Бэнэдыкт XVI падчас свайго падарожжа ў Польшчу ў 2006 г. пажадаў наведаць мемарыял Аўшвіц-Біркенаў: ён усведамляў сваю асаблівую адказнасць, бо быў немцам. Пантыфік заўсёды глядзеў на яўрэяў як на выбраны народ, сябраваў з рабінамі, наведваў сінагогі ў Кёльне, Рыме, Нью-Ёрку. Многія лічылі яго непарушным, але ён зрабіў вялікія крокі, у тым ліку насустрач праваслаўным, – быў сябрам Патрыярха Барталамея І.

Пратэстанцкія супольнасці ад самага пачатку пантыфікату Бэнэдыкта XVI ставіліся да яго халаднавата, хоць ён і быў “найбольш евангелічным” Папам за ўсю гісторыю. На працягу ўсяго свайго служэння ў якасці ўніверсітэцкага выкладчыка, біскупа і Папы ён спасылаўся на Біблію як на правіла веры і пастаянна нагадваў, што чалавек заўсёды залежыць ад любові і ласкі Божай. Менавіта пры яго ўдзеле была распрацавана сумесная з Сусветнай лютэранскай федэрацыяй Дэкларацыя на тэму вучэння аб апраўданні. У 2011 г. адбылася сімвалічная сустрэча Папы з евангельскімі хрысціянамі ў аўгустыніянскім кляштары ў Эрфурце, дзе ён назваў Лютэра чалавекам, які шукаў Бога.

Ёзэф Ратцынгер быў чалавекам, для якога на першым месцы стаялі пошук Бога і, згодна з дэвізам: “Супрацоўнік праўды”, нясенне людзям праўды пра Бога з чалавечым абліччам – Бога, Які аб’явіўся ў Езусе Хрысце і паяднаўся з намі. “Сапраўднай праблемай нашага гістарычнага перыяду з’яўляецца тое, што Бог знікае з гарызонту людзей, а са знікненнем святла, якое паходзіць ад Бога, чалавецтва губляе арыенцір. Весці людзей да Бога, да Бога, які прамаўляе з Бібліі, – гэта найвышэйшы прыярытэт Касцёла і Наступніка св. Пятра ў гэты момант”, - казаў ён.

11 лютага 2013 г., падчас Звычайнага публічнага кансісторыя па кананізацыйных справах, Бэнэдыкт XVI абвясціў аб сваім рашэнні адмовіцца ад служэння на Пасадзе св. Пятра, прамовіўшы такія словы: “Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы недастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. Я цалкам усведамляю, што гэта служэнне ў сваёй духоўнай сутнасці павінна выконвацца не толькі праз дзеянні і словы, а, не ў меншай ступені, праз цярпенне і малітву. Аднак, каб кіраваць лодкай св. Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх змен і ўсхваляваным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная як сіла цела, так і духа, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне. Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акта, у поўнай свабодзе я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра”.

Пантыфікат Бэнэдыкта XVI завяршыўся 28 лютага 2013 г. Але на гэтым не завяршылася яго жыццё: жыў у Ватыкане, у кляштары “Mater Ecclesiae”, молячыся і суперажываючы.

31 снежня 2022, 11:55