Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа і кардыналы абмеркавалі Сінод і сітуацыю ў Касцёле

5-6 снежня 2022 года ў ватыканскім Доме святой Марты прайшло пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што ў нарадзе бралі ўдзел кардыналы: П’етра Паралін, Джузэпэ Бэртэла, Оскар Радрыгес Марадзьяга, Рэйнхард Маркс, Шон Патрык О’Мэлі, Освальд Грасіяс, Фрыдалін Амбонга Бесунгу і Сакратар структуры, біскуп Марка Мэліна. Францішак таксама прымаў удзел у пасяджэнні.

5 снежня члены Рады ўдзельнічалі ў эўхарыстычнай цэлебрацыі ў інтэнцыі спачылага ганскага кардынала Рычарда Куіа Баавобра, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Потым разам з Папам іерархі засяродзіліся на працы COP27 у Егіпце, пазнаёміўшыся з дакладамі кардыналаў Параліна і Амбонга Бесунгу.

У аўторак 6 снежня кардыналы разам са Святым Айцом змаглі паразважаць над кантынентальнай фазай Сінода на аснове даклада кардынала Марыё Грэка і плёнаў працэсу “лічбавага Сінода”, распрацаванага ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па камунікацыі.

Напрыканцы кардынал О’Мэлі пазнаёміў з нядаўнімі дзеяннямі Камісіі па абароне непаўналетніх на карысць Канферэнцый Біскупаў і Рымскай Курыі. У другой палове дня кардынал Грасіас распавёў пра канферэнцыю Федэрацыі Біскупаў Азіі, якая прайшла ў Бангкоку ў кастрычніку.

Сустрэча стала магчымасцю для ўзаемнага інфармавання аб некаторых бягучых справах у розных геаграфічных рэгіёнах і для агульнай ацэнкі дзейнасці Рады за апошнія гады. Наступная нарада прызначана на красавік 2023 года.
 

07 снежня 2022, 13:33