Пошук

Музей месяца ў Старым каралеўскім ваенна-марскім каледжы ў Грынвічы Музей месяца ў Старым каралеўскім ваенна-марскім каледжы ў Грынвічы 

Ватыканскія астраномы пра даследаванні Месяца

14 снежня 2022 года будзе адзначацца пяцідзясятая гадавіна апошняй высадкі астранаўтаў НАСА на Месяцы. Карыстаючыся нагодай, супрацоўнікі Ватыканскай абсерваторыі нагадалі на старонках L’Osservatore romano пра некаторыя навуковыя дасягненні праекта Апалон.

Марыя Валодзіна – Vatican News

14 снежня 1972 года астранаўты НАСА Юджын Сэрнан і Харысан Шміт пакінулі Месяц. За апошнія пяцьдзесят гадоў нага чалавека больш не ступала па паверхню спадарожніка нашай планеты. Але не так даўно на Зямлю вярнулася Місія Artemis I, што, верагодна, адкрывае новы этап даследаванняў Месяца, - лічаць супрацоўнікі Ватыканскай абсерваторыі Роберт Макі і Матэа Галавэрні.

Паводле ватыканскіх астраномаў, місіі праекта Апалон далі выдатную магчымасць зразумець паходжанне Месяца, а значыць і Зямлі. Мы ўбачылі нашу планету часткай больш буйной сістэмы, а не як сукупнасць ізаляваных геалагічных зон. Палёт на Месяц дапамог даць адказ на пытанні аб фарміраванні Зямлі. Па гэты дзень наш спадарожнік валодае відавочнымі доказамі таго, што ён быў пакрыты акіянам магмы. Гэта прымушае нас задацца пытаннем, ці не перажыла і Зямля ў мінулым аналагічную фазу, якая сёння схаваная мільярдамі гадоў геалагічнай актыўнасці. Хімічныя склады Зямлі і Месяца хоць і істотна адрозніваюцца, але маюць значнае падабенства, што кажа аб важнай сувязі ў іх паходжанні. Сёння гэтая сувязь тлумачыцца наступнай гіпотэзай: нейкае нябеснае цела сутыкнулася з ранняй Зямлёй, унёсшы вялікую колькасць матэрыялаў, з якіх затым сфарміраваўся Месяц.

Сотні кілаграмаў месяцовых парод былі дастаўлены на Зямлю, што дало беспрэцэдэнтную магчымасць для навукоўцаў з усяго свету. Дырэктар Ватыканскай абсерваторыі брат Гай Кансальманьё падчас напісання доктарскай у Арызонскім Універсітэце меў магчымасць вывучаць гэтыя пароды. На яго думку, вывучэнне мінеральных кампанентаў базальтавых парод “было ключавым элементам у разуменні эвалюцыі хімічнага складу Месяца”. Акрамя таго, рэсурсы, укладзеныя ў распрацоўку прыбораў для аналізу гэтых месяцовых фрагментаў, дазволілі вывучаць іншыя пароды, такія як метэарыты і наземныя пароды, так, як гэта не было магчыма раней. Напрыклад, у 1969 годзе, за некалькі месяцаў да палёта на Месяц, у Мексіцы ўпаў вялікі метэарыт. Гэта дало выдатную магчымасць выпрабаваць новыя інструменты, прааналізаваць гэты і іншыя метэарыты і даведацца аб хімічным складзе і ўзросце Сонечнай сістэмы.

Некаторыя з гэтых месяцовых камянёў былі падораны розным народам у знак сяброўства. У Ватыкане таксама захоўваюцца два з іх: адзін выстаўлены ў Ватыканскіх музеях, другі знаходзіцца ў Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі як частка навуковай калекцыі метэарытаў, якая налічвае больш за 1200 узораў.

Даследаванні Месяца, на думку ватыканскіх астраномаў, маюць добрыя перспектывы на будучыню. Наступныя місіі Artemis прадугледжваюць прысутнасць экіпажа. Да палётаў на Месяц рыхтуюцца таксама і іншыя краіны, напрыклад, Кітай. Адкрываюцца новыя напрамкі даследаванняў, з'яўляюцца новыя пытанні. “Няхай Дух міру і надзеі, з якім мы прыйшлі ў космас, адлюструецца ў жыцці ўсяго чалавецтва,” – заклікалі яны.

13 снежня 2022, 13:10