Пошук

Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI  (ANSA)

Апошнія cловы Бэнэдыкта XVI: Пане, я люблю Цябе!

Арцыбіскуп Георг Генсвайн распавёў пра апошнія словы, якія Папа-эмерыт сказаў за некалькі гадзін да смерці. Пошук Езуса быў адметнай рысай святарскага служэння Ёзэфа Ратцынгера, пра што ў 2016 годзе казаў Папа Францішак. Аб гэтым артыкул галоўнага рэдактара СМІ Святога Пасаду.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Як напісаў на партале Vatican News Андрэа Тарніелі, апошнія словы Бэнэдыкта XVI пачуў глыбокай ноччу медыцынскі брат. Гэта здарылася каля трох гадзін раніцы 31 снежня 2022 года, за некалькі гадзін да смерці Папы-эмерыта. "Бэнэдыкт XVI, - адзначыў яго асабісты сакратар, арцыбіскуп Георг Генсвайн, - слабым, але выразным голасам сказаў па-італьянску: Пане, я люблю цябе! У той момант мяне не было побач, але неўзабаве мне распавёў пра гэта медбрат. Гэта былі яго апошнія словы, пазней ён ужо не мог гаварыць."

На думку Тарніелі, словы Пане, я люблю цябе! уяўляюць сабой сінтэз жыцця Ёзэфа Ратцынгера, які ўжо шмат гадоў рыхтаваўся да апошняй асабістай сустрэчы з Богам. 28 чэрвеня 2016 года, у 65-ю гадавіну святарскага пасвячэння свайго папярэдніка, Францішак падкрэсліў, што менавіта гэтая нота, нота любові да Езуса, дамінуе ў жыцці Папы-эмерыта, якое ён прысвяціў святарскаму служэнню і тэалогіі. Гэта тое, пра што ён заўсёды сведчыў, тое, што з'яўляецца “вырашальным у нашы дні - сонечныя або дажджлівыя - адзінае, з чаго вынікае ўсё астатняе, тое, што Пан сапраўды прысутнічае, што мы жадаем Яго, што мы ўнутрана блізкія да Яго, што мы любім Яго, што мы сапраўды глыбока верым у Яго і сапраўды любім Яго. Менавіта гэтая любоў напаўняе нашы сэрцы, менавіта гэтая вера дазваляе спакойна і бяспечна хадзіць па вадзе нават падчас буры, як гэта было з Пятром”, - узгадаў словы Францішка галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.

02 студзеня 2023, 11:26