Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: думаць пра неймавернае дзеля міру ва Украіне

Ватыканская дыпламатыя мае дадатковую вартасць – міласэрнасць, адзіную здольную разарваць ланцугі нянавісці і помсты, - нагадаў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

19 студзеня 2023 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі Зброя дыпламатыі. Дыялог паміж Апостальскай Сталіцай і Еўропай перад абліччам вайны, якая прайшла ў Рыме па ініцыятыве ЮНЕСКА.

Мы не можам мірыцца з тым, што вайна ва Украіне будзе працягвацца яшчэ доўга, і, нават калі цяпер, здаецца, няма падстаў для перамоў, трэба падтрымліваць ідэал міру і ідэю, што гэта вайна скончыцца, нават калі яна будзе мець не такі канец, які ўяўляюць Зяленскі ці Пуцін, - сказаў ватыканскі дыпламат. Мы хочам справядлівага міру, але мір павінен наступіць, і для гэтага, калі спатрэбіцца, мы павінны таксама пачаць “думаць пра неймавернае”, - дадаў ён.

Падчас форума падкрэслівалася, што дыпламатыя Святога Пасаду мае перавагу перад іншымі суб’ектамі, бо дзейнічае без матэрыяльнай зацікаўленасці. Яе асаблівасцю, – нагадаў арцыбіскуп Галахер, – з’яўляецца тое, што яна мае дадатковую вартасць міласэрнасці, адзіную здольную разарваць ланцугі нянавісці і помсты.

У гэтым сэнсе Апостальская Сталіца імкнецца спрыяць пераадоленню рознагалоссяў, а не павелічэнню падзелаў, заўсёды лічачы чалавека канчатковым бенефіцыярам усяго, - сказаў іерарх, нагадваючы, што Папа заахвочвае ватыканскую дыпламатыю ўключацца ў працэсы, не баяцца “запэцкаць рукі”, і ўсімі магчымымі спосабамі імкнуцца да міру, якія стане асновай для новага дабрадзейнага працэсу паміж бакамі канфлікту, а не проста прызначэннем пераможцаў і прайграўшых.

На думку арцыбіскупа Галахера, у актуальнай гістарычнай фазе дыпламатыя адстае ад падзей і страціла тое, што павінна быць яе сутнасцю – здольнасць прадухіляць канфлікты. Дыпламатыя павінна быць не сродкам спынення ўзброеных канфліктаў з дапамогай перамір’яў, а інструментам прэвентыўнага пагаднення. Гэта працэс, у якім павінны быць задзейнічаны не толькі лідары і дыпламаты, але як мага больш суб’ектаў, у тым ліку рэлігіі, - дадаў ён, ставячы ў прыклад будучае падарожжа Папы ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан, якога будзе суправаджаць арцыбіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што вайна ва Украіне паказала глыбокі крызіс шматбаковай сістэмы дыпламатыі і вялікіх міжнародных арганізацый, асабліва ААН. Пасля гібелі людзей, адзначыў арцыбіскуп Галахер, самым вялікім скандалам гэтай вайны стала тое, што пастаянны член Рады бяспекі бамбіў Кіеў падчас візіту ў гэты горад Генеральнага сакратара ААН. Ён выказаў надзею на рэформу арганізацыі, якая будзе ўлічваць патрэбы ўсіх народаў, а таксама адзначыў, што гэта патрабуе падтрымкі ўсёй міжнароднай супольнасці і вяртання да “духу Хельсінкі”, як часта падкрэслівае кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.
 

20 студзеня 2023, 11:11