Bambino Gesù распачне буйны праект па лячэнні рака крыві
Марыя Валодзіна – Vatican News
З гэтай мэтай была створана новая нацыянальная сетка інстытутаў, якія спецыялізуюцца на анкагематалогіі, каардынатарам якой стаў шпіталь Bambino Gesù. Фонд Умбэрта Веранэзі вылучыў на яе падтрымку больш за 3 мільёна еўра.
Праект стане першым ў Еўропе клінічным даследаваннем геннай тэрапіі і новых метадаў дыягностыкі вострага міелоіднага лейкозу (ВМЛ) – рэдкага рака крыві, які ўзнікае ў ствалавых клетках касцявога мозгу і хутка распаўсюджваецца па арганізме. На яго долю прыпадае 20% усіх выпадкаў вострага лейкозу у дзяцей. Толькі ў Італіі штогод гэты дыягназ ставіцца каля 70 маленькім пацыентам.
Даследчы праект і распрацоўка інавацыйных метадаў лячэння вострага міелоіднага лейкозу з дапамогай клетак CAR-Natural Killer пачнецца ў канцы 2023 года і будзе доўжыцца 5 гадоў. Акрамя Bambino Gesù, у праекце прымуць удзел Лабараторыя цэнтралізаванай дыягностыкі анкагематалагічнай клінікі Падуі, аддзяленне эксперыментальнай анкалогіі Еўрапейскага інстытута анкалогіі ў Мілане і аддзяленне лейкеміі анкалагічнага цэнтра ў Х'юстане (ЗША).
Чакаецца, што дзейнасць сеткі дапаможа ўжо ў бліжэйшы час аптымізаваць лячэнне італьянскіх дзяцей з дыягназам востры міелоідны лейкоз, а таксама маленькіх пацыентаў з тых еўрапейскіх краін, якія прымуць міжнародны пратакол для лячэння гэтага рэдкага гематалагічнага захворвання. Да супрацоўніцтва з Італіяй плануюць далучыцца Аўстрыя, Германія, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Швейцарыя. Гэта будзе першы транснацыянальны праект даследавання вострага міелоіднага лейкозу, у якім змогуць прыняць удзел больш за 200 пацыентаў у год.
“Мэтай фонду заўсёды было максімальна павялічыць шанцы на выздараўленне і палепшыць якасць жыцця дзяцей, якія хварэюць на рак, - падкрэсліў Паола Веранэзі, прэзідэнт Фонду Умбэрта Веранэзі, прафесар агульнай хірургіі Міланскага універсітэта, дырэктар праграмы сеналогіі і дырэктар аддзялення хірургічнай сеналогіі Еўрапейскага інстытута анкалогіі. - Вось чаму на працягу многіх гадоў мы фінансуем навуковыя даследаванні і паляпшаем узровень медыцынскай дапамогі маленькім пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі шляхам актывацыі пратаколаў лячэння, якія адпавядаюць самым высокім міжнародным стандартам; мы падтрымліваем шматлікіх даследчыкаў, якія вырашылі прысвяціць сваё жыццё вывучэнню і лячэнню гэтых захворванняў і рэалізуем ініцыятывы па павышэнні ўзроўню дасведчанасці грамадскасці і кампетэнтных устаноў аб патрэбах падлеткаў, хворых на рак. Менавіта таму мы вырашылі стварыць разам з дзіцячай клінікай Bambino Gesù гэтую новую вядучую даследчую платформу для дзяцей, якія пакутуюць на востры міелоідны лейкоз”, - адзначыў Веранэзі.
“Навуковыя даследаванні – гэта аснова медыцыны, яе сэрца. Пастаянная задача, якая павінна падтрымлівацца і пашырацца, - лічыць Марыэла Энак, дырэктар клінікі Bambino Gesù. - Дзякуючы намаганням фонду Умберта Веранэзі і працы многіх даследчыкаў, якія ставяць свае веды на службу навуцы, сёння мы набліжаемся да вызначэння эфектыўных метадаў лячэння дзяцей, хворых на рак, да інавацыйнай дапамогі, якая адкрывае новыя магчымасці для іх будучыні.”