Пошук

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Rogito: Бэнэдыкт XVI застанецца ў памяці Касцёла і ўсяго чалавецтва

“Бэнэдыкт XVI быў 265-м Папам. Яго памяць застанецца ў сэрцы Касцёла і ўсяго чалавецтва”, - гаворыцца ў так званым rogito – акце аб смерці і пахаванні спачылага Пантыфіка, які суправаджаецца яго кароткай біяграфіяй.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент быў запячатаны ўнутры металічнай капсулы і пакладзены ў труну з целам Бэнэдыкта XVI разам з яго паліем, а таксама манетамі і медалямі, адчаканенымі падчас яго пантыфікату.

Rogito пачынаецца са згадкі пра тое, што 31 снежня 2022 года, у 9.34 раніцы, “калі завяршаўся год і мы былі гатовыя праспяваць Te Deum за шматлікія даброты, дараваныя Панам, улюбёны заслужаны пастыр Касцёла Бэнэдыкт XVI перайшоў з гэтага свету да Айца”. “Увесь Касцёл разам са Святым Айцом Францішкам у малітве суправаджаў яго пераход”, - гаворыцца ў тэксце.

Потым прыводзіцца біяграфія Бэнэдыкта XVI. Нагадваецца пра яго нараджэнне 16 красавіка 1927 года ў горадзе Марктль-ам-Іне на тэрыторыі дыяцэзіі Пасаў у Германіі, пра дзяцінства і юнацтва ў Траўнштайне, недалёка ад мяжы з Аўстрыяй, дзе ён атрымаў сваю хрысціянскую, чалавечую і культурную фармацыю.

Адзначаецца, што “час яго маладосці быў нялёгкім”, а вера і выхаванне яго сям’і, падрыхтавалі яго да цяжкага досведу, звязанага з нацысцкім рэжымам і атмасферай моцнай варожасці да Каталіцкага Касцёла ў Германіі. “У гэтай складанай сітуацыі ён адкрыў для сябе прыгажосць і праўду веры ў Хрыста”, - падкрэсліваецца ў грамаце.

Былі згаданы таксама гады вучобы Ёзэфа Ратцынгера ў Фрайзінгу і Мюнхене, прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1951 годзе, перыяд яго выкладчыцкай дзейнасці ў Боне, Мюнстэры, Цюбінгіне і Рэгенсбургу, а таксама ўдзел у Другім Ватыканскім Саборы ў якасці асістэнта кардынала Ёзафа Фрынгса.

Згадваецца як у 1977 годзе Ратцынгер стаў арцыбіскупам Мюнхенска-Фрайзінгскім, узяўшы дэвіз Cooperatores Veritatis – Супрацоўнік праўды, а потым кардыналам, прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння і дэканам Калегіі кардыналаў – у гэтай якасці, 8 красавіка 2005 года, ён цэлебраваў Імшу з нагоды пахавання Яна Паўла ІІ на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

19 красавіка 2005 года Ёзэф Ратцынгер быў абраны Пантыфікам, узяўшы імя Бэнэдыкт XVI і акрэсліўшы сябе “сціплым работнікам вінаградніку Пана”.

“Бэнэдыкт XVI паставіў тэму Бога і веры ў цэнтр свайго пантыфікату, няспынна шукаючы аблічча Пана Езуса Хрыста і дапамагаючы кожнаму пазнаць Яго, у прыватнасці, праз публікацыю трохтомнага твора Езус з Назарэта. Валодаючы шырокімі і глыбокімі біблійнымі і тэалагічнымі ведамі, ён меў надзвычайную здольнасць ствараць павучальныя агляды на асноўныя дактрынальныя і духоўныя тэмы, а таксама аб важных пытаннях з жыцця Касцёла і сучаснай культуры”, - заўважаецца ў дакуменце.

Згадваецца таксама пра паспяховае прасоўванне Бэнэдыктам XVI дыялогу з англіканамі, з юдэямі і прадстаўнікамі іншых рэлігій, а таксама пра аднаўленне кантактаў са святарамі з Брацтва святога Пія Х.

Потым гаворка ідзе пра адрачэнне Бэнэдыкта XVI ад служэння на пасадзе Біскупа Рыма падчас кансісторыя, які адбыўся 11 лютага 2013 года. Прыгадваюцца словы падзякі за разуменне, з якім было прынята яго рашэнне аб адстаўцы, прамоўленыя ім падчас яго апошняй агульнай аўдыенцыі 27 лютага 2013 года. Нагадваецца таксама, што Бэнэдыкт XVI паабяцаў “працягваць суправаджаць шлях Касцёла малітвай і разважаннем”.

“Пасля нядоўгага прабывання ў рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа, ён пражыў апошнія гады свайго жыцця ў Ватыкане, у кляштары Mater Ecclesiae, прысвячаючы сябе малітве і медытацыі”, - заўважаецца ў тэксце.

Дактрынальнае вучэнне Бэнэдыкта XVI было абагульнена ў трох яго энцыкліках: Deus caritas est (25 снежня 2005), Spe salvi (30 лістапада 2007), Caritas in veritate (29 чэрвеня 2009), а таксама ў чатырох Апостальскіх адгартацыях, шматлікіх Апостальскіх канстытуцыях, Апостальскіх лістах, катэхезах і прамовах, у тым ліку падчас 24-х Апостальскіх падарожжаў, здзейсненых ім па свеце.

“Перад абліччам рэлятывізму і практычнага атэізму, які ўсё больш узмацняецца, у 2010 годзе, праз motu proprio Ubicumque et semper ён заснаваў Папскую раду па новай евангелізацыі, якой у студзені 2013 года перадаў абавязкі ў галіне катэхізацыі”, - гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што Бэнэдыкт XVI “цвёрда змагаўся супраць злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі духавенства ў дачыненні да непаўналетніх або ўразлівых людзей, няспынна заклікаючы Касцёл да навяртання, малітвы, пакаяння і ачышчэння”, а “як аўтарытэтны тэолаг, ён пакінуў багатую спадчыну даследаванняў і навуковых тэкстаў адносна фундаментальных праўдаў веры”.

05 студзеня 2023, 09:01