Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Дзяржсакратар: Папа паедзе ў Афрыку як пастыр і пілігрым міру

Чакаецца, што падарожжа Святога Айца ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан паспрыяе спыненню гвалту, - сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал П’етра Паралін даў інтэрв’ю ватыканскі СМІ напярэдадні 40-га Апостальскага падарожжа Францішка, якое пройдзе з 31 студзеня па 5 лютага 2023 года.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на тое, што падарожжа з’яўляцца доўгачаканым: па-першае таму, што Пантыфік ужо быў вымушаны адкласці яго з-за праблемы з каленам, а па-другое, таму што “мы маем справу з дзвюма краінамі, якія апынуліся ў асабліва цяжкай сітуацыі, з-за канфліктаў, якія працягваюцца”.

Кардынал вылучыў два аспекты візіту: душпастырскі і грамадска-палітычны. “Папа едзе туды як пастыр, які сустракае народ Божы і адначасова як пілігрым супакою і прымірэння”, - сказаў ён. “Чакаецца, што прысутнасць Святога Айца, яго словы, яго сведчанне паспрыяюць спыненню гвалту, які працягваецца, і ўмацаванню працэсаў супакою і прымірэння, якія трываюць”, - дадаў ватыканскі іерарх.

Першым этапам падарожжа стане Дэмакратычная Рэспубліка Конга, дзе Францішак сустрэнецца з ахвярамі канфліктаў, супрацьстаяння і гвалту ў гэтай краіне, каб прынесці ім суцяшэнне, а таксама, каб умацаваць у надзеі і заахвоціць не паддавацца жаданню помсты. “Такім чынам, еднасць і братэрства будуць мэтай сустрэчы Папы з гэтымі ахвярамі”, - дадаў ён.

Затым Пантыфік накіруецца ў Паўднёвы Судан, дзе хрысціянскія Цэрквы прымаюць актыўны ўдзел у дапамозе насельніцтву і прасоўванні міру. Візіт у гэту краіну будзе насіць выразны экуменічны характар: Святога Айца будуць суправаджаць прымас Англіканскай Царквы, архіепіскап Кентерберыйскі Джасцін Уэлбі, і мадэратар Царквы Шатландыі Іэн Грыншылдс.

Кардынал Паралін адзначыў важнасць міжнароднай падтрымкі афрыканскіх краін у дасягненні іх грамадскага, эканамічнага і інстытуцыянальнага развіцця, а таксама ролі рэлігійных супольнасцяў у гэтым працэсе, у першую чаргу ў сферы дабрачыннасці, адукацыі і аховы здароўя.

Дзяржсакратар выказаў пажаданне, каб падарожжа стала паваротным пунктам у трагічнай гісторыі гэтых краін і падтрымала добрую волю ўсіх. “Я сапраўды веру, што нам усім патрэбны новыя намаганні. Калі будуць гэтыя намаганні, то можна будзе вывесці краіны з сітуацыі цяперашняга канфлікту, можна будзе забяспечыць справядлівае развіццё ўсяго насельніцтва і прывесці гэтыя краіны да лепшай будучыні”, - прызнаўся кардынал П’етра Паралін.

28 студзеня 2023, 14:43