Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў Габон Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў Габон 

Дзяржсакратар здзейсніў афіцыйны візіт у Габон

Кардынал П'етра Паралін наведаў Габон. Падарожжа адбылося ў кантэксце 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай краінай і 40-годдзя візіту ў Габон Яна Паўла ІІ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пра падрабязнасці візіту бліжэйшага супрацоўніка Папы напісала L’Osservatore Romano. Кардынал Паралін прыбыў у Габон 18 снежня 2022 года па запрашэнні мясцовых уладаў. На наступны дзень Дзяржсакратара прыняў Прэзідэнт краіны, Алі бэн Бонга Адзімба. Бакі высока адзначылі супрацоўніцтва паміж Апостальскай Сталіцай і Габонам, а таксама паміж мясцовым епіскапатам і дзяржаўнымі ўладамі. Ватыканскі іерарх выказаў пажаданне, каб Каталіцкі Касцёл мог працягваць выконваць сваю місію ў сферы чалавечай і рэлігійнай фармацыі, скіраваную асаблівым чынам да моладзі.

Сустракаючы з габонскімі біскупамі кардынал Паралін заклікаў іх “дзеля агульнага дабра быць пільнымі пастырамі ў гэты далікатны перыяд падрыхтоўкі да выбараў 2023 года”. Ён заахвоціў біскупаў быць з’яднанымі і “не занядбоўваць прароцкую місію Касцёла на карысць справядлівасці, праўды і міру”, спрыяць культуры дыялогу і слухання.

Кардынал Паралін прыняў удзел у цырымоніі благаслаўлення каталіцкага медыцынскага цэнтра для маці і цяжарных жанчын, выступіў на святкаванні 25-годдзя з дня падпісання Рамачнага пагаднення паміж Святым Пасадам і Габонам. Завяршыўся візіт святой Імшой, якую бліжэйшы супрацоўнік Папы ўзначаліў у катэдральным касцёле ў Лібрэвіле. У літургіі бралі ўдзел прадстаўнікі касцёльных і дзяржаўных уладаў, духавенства, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. 21 снежня ватыканскі іерарх вярнуўся ў Рым.

03 студзеня 2023, 11:51