Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Як будзе выглядаць пахаванне Бэнэдыкта XVI?

4 студзеня 2023 года вечарам цела Бэнэдыкта XVI будзе змешчана ў кіпарысавай труне, - паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У яе таксама будуць пакладзены манеты і медалі, адчаканеныя падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI у 2005-2013 гадах, яго палій і так званы rogito – тэкст, які коратка апісвае яго пантыфікат.

У дзень пахавання, 5 студзеня, у 8.50 труну вынесуць на плошчу святога Пятра, пасля чаго вернікі памоляцца на Ружанцы ў інтэнцыі спачылага.

У 9.30 пачнецца пахавальная Імша, якую ўзначаліць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Францішак прамовіць гамілію і ўзначаліць абрад апошняга развітання, уключаючы акрапленне святой вадой і акаджванне труны з целам Папы-эмерыта.

Пасля Эўхарыстыі труну змесцяць у магіле, падрыхтаванай у гротах базылікі святога Пятра, у той самай, дзе ў 1963-2000 гадах спачываў святы Ян XXIII, а ў 2005-2011 гадах – святы Ян Павел ІІ.

Кіпарысавую труну будзе абвіваць стужка з пячаткамі Апостальскай палаты, Папскага дома і Службы папскіх літургічных цэлебрацый. Яе змесцяць у цынкавай труне, якая будзе запячатана, а тая, у сваю чаргу, будзе змешчана ў драўлянай. Фактычнае закладанне труны ў магілу не будзе трансліравацца па тэлебачанні, паколькі з’яўляецца прыватнай цырымоніяй.

Кіраўнік Залы Друку заявіў, што пахаванне Бэнэдыкта XVI практычна паўтарае абрады пахавання Пантыфікаў. Будуць адсутнічаць толькі некаторыя элементы, такія як заключныя малітвы Рымскага Касцёла і Усходніх Касцёлаў, якія тычацца смерці дзеючага Папы.
 

04 студзеня 2023, 11:31