Пошук

Кардынал Курт Кох. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Курт Кох. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Кох: вайна і падзелы ўскладняюць экуменічны дыялог

Пра праблемы ў дыялогу з Праваслаўнымі Цэрквамі і будучы экуменічны візіт Папы ў Афрыку, распавёў тэлекампаніі EWTN прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал Курт Кох адзначыў, што ў сувязі з вайной і падзеламі значна ўскладніўся экуменічны дыялог. “Праз дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой мы хочам нанова адкрыць еднасць. Аднак напружанасць у праваслаўным свеце ўскладняе гэта. Напрыклад, у нас ёсць Міжнародная змешаная камісія па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі, але Руская Праваслаўная Царква ў гэтым дыялогу не ўдзельнічае. І гэта робіць дыялог праблемай”, - сказаў ён.

“Мы планавалі сустрэчу Святога Айца з Патрыярхам Рускай Праваслаўнай Царквы ў Іерусаліме ў чэрвені мінулага года, але гэта стала немагчыма, таму што ў нас зусім іншае бачанне вайны”, - дадаў прэфект Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству, падкрэсліваючы, што тым не менш неабходна “трымаць дзверы для дыялогу адкрытымі”.

Ватыканскі іерарх таксама нагадаў, што будучае апостальскае падарожжа Папы ў Афрыку будзе насіць экуменічны характар. Ён заўважыў, што “сітуацыя ў рэгіёне вельмі складаная”, бо як у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, так і ў Паўднёвым Судане ідуць грамадзянскія вайны, аднак у гэтых умовах католікі, англікане і прэсвітэрыяне працуюць разам дзеля прымірэння.
 

26 студзеня 2023, 12:00