Падсумаванне пантыфікату Бэнэдыкта XVI
Выезды за межы Ватыкана і Кастэль Гандольфа
Бэнэдыкт XVI падчас 24 замежных падарожжаў наведаў 24 дзяржавы, з іх Іспанію і Германію па тры разы. Па Італіі Святы Айцец падарожнічаў мноства разоў, такіх паездак налічваецца 31. Папа наведаў 15 рымскіх парафій і санктуарыяў, а таксама падчас свайго прабывання ў Кастэль Гандольфа цэлебраваў святыя Імшы штогод 15 жніўня ў мясцовым касцёле святога Тамаша з Віланова.
Беатыфікацыі і кананізацыі
Бэнэдыкт XVI асабіста ўзначаліў 11 абрадаў кананізацыі, падчас якіх абвясціў святымі 45 асоб: 19 жанчын і 26 мужчын з 20 краін. Ён таксама ўпаўнаважыў іншых кардыналаў для правядзення 116 беатыфікацыйных абрадаў, якія далі Касцёлу 870 благаслаўлёных з 27 краін. Дзве цырымоніі ён узначаліў асабіста: беатыфікацыю благаслаўлёнага Джона Генры Ньюмана 19 верасня 2010 года ў Бірмінгеме і беатыфікацыю Яна Паўла ІІ – 1 мая 2011 года ў Ватыкане.
Сакрамэнты, якія ўдзяліў Папа
Па традыцыі, наследуючы сваіх папярэднікаў, Святы Айцец удзяляў сакрамэнты публічна. У Нядзелю Хросту Пана кожны год ён хрысціў у Сікстынскай капэле дзяцей. Усяго падчас такіх абрадаў Папа ўдзяліў хрост 120 немаўлятам, у асноўным дзецям работнікаў розных ватыканскіх устаноў. Акрамя гэтага кожны год падчас Пасхальнай літургіі ў Вялікую суботу ён удзяляў сакрамэнты хросту, Першай Камуніі і канфірмацыі дарослым асобам, але двойчы гэта былі дзеці, якія прымалі толькі хрост. Усяго такіх цырымоній адбылося 6, сакрамэнты атрымалі 38 чалавек і 3 дзяцей.
Падчас 7 абрадаў Папа ўдзяліў сакрамэнт святарства 129 дыяканам, у асноўным для Рымскай дыяцэзіі, у адзінкавых выпадках таксама для іншых духоўных семінарый. На працягу амаль 8 гадоў свайго пантыфікату Бэнэдыкт XVI прызначыў 1335 біскупаў, у тым ліку 36 з Кітая (тут хутчэй ідзе гаворка аб зацвярджэнні post factum некаторых намінацый, удзеленых без папярэдняй згоды і рашэння Папы). Падчас 5 абрадаў Папа асабіста ўдзяліў біскупскую сакру 22 святарам. Таксама, паводле шматвекавога звычаю, ва ўрачыстасць апекуноў рымскага Касцёла, святых апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня) Папа ўручаў паліі арцыбіскупам-мітрапалітам. Ад 2005 да 2012 года іх атрымалі 307 іерархаў, у тым ліку арцыбіскуп мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч (29 чэрвеня 2008 года).
Кардыналы, Сіноды Біскупаў
Бэнэдыкт XVI склікаў 5 асамблей, падчас якіх кардынальскую годнасць атрымалі 90 духоўных асоб. Ён склікаў і ўзначаліў 5 сходаў Сінодаў Біскупаў: 3 звычайныя і 2 надзвычайныя.
Міжнароднае жыццё, палітыка
Папа з’яўляецца не толькі бачным главой Каталіцкага Касцёла, але і кіраўніком Дзяржавы Ватыкан. З гэтай нагоды ён прымае і сустракаецца з дзяржаўнымі дзеячамі іншых краін. Усяго адбылося 314 такіх аўдыенцый у Ватыкане, удзеленых 251 палітыку са 111 дзяржаў, прадстаўнікам некалькіх міжнародных арганізацый, рэгіянальных улад, а таксама членам манаршых сем’яў і вялікім магістрам Мальтыйскага ордэна.
За час пантыфікату Бэнэдыкта XVI былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і 5 краінамі. На сёння іх колькасць складае 179.
Душпастырскія ініцыятывы і важныя папскія дакументы
Святы Айцец абвясціў некалькі цікавых душпастырскіх ініцыятыў: Год святога Паўла (28 чэрвеня 2008 – 29 чэрвеня 2009), Год святарства (19 чэрвеня 2009 – 11 чэрвеня 2010) і Год веры (11 кастрычніка 2012 – 24 лістапада 2013). Акрамя гэтага, 27 кастрычніка 2011 года ў Асізі адбыўся Дзень разважання, дыялогу і малітвы аб міры і справядлівасці ў свеце пад дэвізам: Пілігрымы праўды, пілігрымы міру.
Бэнэдыкт XVI таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу важных дакументаў: энцыклік Deus caritas est (аб хрысціянскай любові; 25 снежня 2005), Spe salvi (аб хрысціянскай надзеі; 30 лістапада 2007) i Caritas in veritate (аб любові ў праўдзе; 29 чэрвеня 2009), а таксама паслясінадальных апостальскіх адгартацый Sacramentum caritatis (пра Эўхарыстыю як сакрамэнт любові; 22 лютага 2007), Verbum Domini (пра Божае Слова ў жыцці і місіі Касцёла; 30 верасня 2010), Africae munus (аб заданнях Касцёла ў Афрыцы; 19 лістапада 2011) i Ecclesia in Medio Oriente (аб Касцёле на Блізкім Усходзе; 14 верасня 2012).
Бэнэдыкт XVI абвясціў таксама мноства іншых дакументаў: канстытуцый, апостальскіх лістоў – motu proprio і тых, якія датычылі канкрэтных дзеянняў ці акцый у Касцёле. Сярод іх апостальскі ліст Ubicumque et semper (21 верасня 2010), якім была паклікана да жыцця Папская рада па новай евангелізацыі; апостальскі ліст Lingua latina (10 лістапада 2012), якім была ўстаноўлена Папская акадэмія Latinitas, апостальскай канстытуцыя Anglicanorum coetibus (4 listopada 2009), якою былі ўстаноўлены персанальныя ардынарыяты для тых англіканаў, якія хочуць перайсці ў Каталіцкі Касцёл.
Агульныя аўдыенцыі і іншыя сустрэчы з Бэнэдыктам XVI
За 2005-2012 гады пантыфікату адбылося 340 агульных аўдыенцый па серадах і некалькі соцень публічных сустрэч вернікаў са Святым Айцом (нядзельная малітва Анёл Панскі і Валадарка неба ў велікодны перыяд, урачыстыя літургіі на Божае Нараджэнне, Вялікдзень, Спасланне Духа Святога і іншыя), на якія на працягу гэтых гадоў прыбыла звыш 20,5 мільёнаў чалавек з усяго свету.