Пошук

Францішак віншуе Бэнэдыкта XVI падчас цырымоніі з нагоды 65-годдзя яго святарскага пасвячэння Францішак віншуе Бэнэдыкта XVI падчас цырымоніі з нагоды 65-годдзя яго святарскага пасвячэння 

Паралін: спробы супрацьпаставіць двух Пантыфікаў праваліліся

Нягледзячы на відавочную розніцу паміж Бэнэдыктам XVI і Францішкам, спробы супрацьпаставіць іх адно аднаму не ўвянчаліся поспехам, - лічыць кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абодва Пантыфікі захоўвалі ўзаемную павагу, паміж імі існавала братэрская блізкасць, - адзначыў Дзяржсакратар Яго Святасці ў інтэрв’ю італьянскай Corriere della Sera.

Гэта пачуццё, якое злучала Бэнэдыкта XVI і Францішка, выявілася таксама ў іх аднолькавым успрыманні жывой таямніцы Касцёла, хоць кожны з іх меў розныя тэмпераменты, думкі, перавагі і экзістэнцыяльныя шляхі, - заўважыў іерарх. Ён падкрэсліў, што ў гэтым выяўляецца “прыгажосць Касцёла і самога служэння наступнікаў святога Пятра”. Ні адзін Папа “не з’яўляецца клонам іншага”, але менавіта “вера Пятра аб’яднала Бэнэдыкта і Францішка”.

Кардынал Паралін таксама адзначыў, што абодва Пантыфікі, з розным акцэнтам, мелі аднолькавы місійны клопат, які заключаўся ў падыходзе, дзе “вера і хрысціянства – гэта не этычныя ці рэлігійныя намаганні, але дар ласкі, якая прыходзіць, калі сустракаеш Езуса”. Яны абодва паўтаралі, што плёнам наследавання Езуса з’яўляецца шчасце, “сапраўдная радасць” і невычэрпная магчымасць пастаяннай надзеі на шляху жыцця, нават калі прыходзяць цяжкасці і боль. На іх думку, адзіная місія Касцёла – ісці за Езусам, і толькі тады Касцёл не здраджвае сабе, не засяроджваецца на сабе, і гэтае наследаванне Езуса і абвяшчэнне свету Яго збаўлення – таксама крыніца кожнай сапраўднай касцёльнай рэформы.

Па словах кардынала, добразычлівасць Бэнэдыкта XVI была не толькі пытаннем яго тэмпераменту, але таксама адлюстраваннем таго, як Евангелле з цягам часу сфарміравала яго сэрца і душу. Ён быў адным з пяці найвялікшых тэолагаў ХХ стагоддзя, і ў той жа час жыў гэтым сваім дарам без узвышэння, без паказухі, заўсёды выходзячы за межы самога сябе, з энтузіязмам дзелячыся ім з усімі і даючы магчымасць усім удзельнічаць у скарбах Традыцыі, Айцоў Касцёла і вялікай тэалогіі.

Ён патлумачыў, што Бэнэдыкт XVI дабравольна завяршыў пантыфікат, пакідаючы толькі “сваю голую веру”. Таму кардынал Дзяржсакратар перакананы ў тым, што “злосныя карыкатуры, створаныя некаторымі для паклёпу на асобу Папы-эмерыта, будуць змецены ў доўгай памяці Касцёла як пустазелле”.
 

09 студзеня 2023, 10:02