Пошук

Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI  (ANSA)

Пісьменнік пра Бэнэдыкта XVI: самы добры чалавек, якога я ведаў

Італьянскі журналіст і пісьменнік Віторыё Месоры, які разам з Бэнэдыктам XVI напісаў кнігу-бэстсэлер "Рапарт аб веры", у інтэрв'ю Avvenire падзяліўся сваімі ўспамінамі аб спачылым.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Месоры патлумачыў, што не моліцца за памерлага, але, наадварот, просіць Бэнэдыкта XVI памаліцца за яго, таму што ўпэўнены, што ён трапіў прама ў Рай. Ён узгадаў, што іх сяброўства распачалося ў 80-я гады мінулага стагоддзя, калі выйшла ў свет кніга Месоры "Гіпотэза пра Езуса". "Я ведаў, што тагачасны кардынал Ёзэф Ратцынгер прачытаў кнігу, і яна яму спадабалася. Мне прыйшла ідэя наведаць яго і ўзяць інтэрв'ю. Памятаю, калі я гэта казаў, усе здзекаваліся з мяне", - падзяліўся пісьменнік.

Ён нагадаў, што ў той час Ратцынгер быў прэфектам недаступнай Кангрэгацыі веравучэння, а таксама меў рэпутацыю вельмі закрытага, стрыманага чалавека, але той пагадзіўся пагаварыць з пісьменнікам. Вынікам размовы стала доўгае інтэрв'ю і вядомая кніга "Рапарт аб веры".

Падчас першай сустрэчы з кардыналам пісьменніка “уразіла яго наіўнасць, ён думаў, што ўсе людзі такія ж, як ён, добрыя і адкрытыя”. “Ён адказваў на ўсе пытанні, нават самыя няёмкія.”

Кніга была апублікаваная выдавецтвам Paoline у 1985 годзе і выклікала вельмі "жывую" рэакцыю. Ратцынгера абвінавацілі ў тым, што ён змяніў свае погляды, ператварыўшыся з прагрэсіста ў кансерватара, на што ён прастадушна адказваў, што змяніўся не ён, а іншыя, што ён заўсёды казаў тое ж самае.

Па словах пісьменніка, кардынал Ратцынгер “зусім не быў кар'ерыстам”, “ён наогул усё жыццё хацеў быць выкладчыкам”. Ён любіў вучыцца і выкладаць. Калі Павел VI прызначыў яго арцыбіскупам Мюнхенска-Фрайзінгскім, ён быў ашаломлены і засмучаны, спрабаваў растлумачыць, што найбольш карысным для Касцёла было б заставіць яго прафесарам.

Затым ён зноў праявіў вялікую паслухмянасць, калі пагадзіўся на пост прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. "Ён тройчы прасіў Яна Паўла II дазволіць яму сысці ў адстаўку. Ён хацеў вярнуцца да сваіх вучняў і ва ўніверсітэт, але Папа заўсёды адказваў адмовай”, - узгадаў Віторыё Месоры. Падчас канклаву “калі стала цыркуляваць яго імя, ён паспрабаваў супраціўляцца", але потым пагадзіўся, бо быў “чалавекам вялікага паслушэнства, які заўсёды стараўся рабіць тое, што ад яго патрабавалася”.

На думку Віторыё Месоры, Бэнэдыкт XVI быў чалавекам глыбокай духоўнасці: “Ён быў самым добрым чалавекам, якога я калі-небудзь ведаў”. Калі ён, будучы прэфектам Кангрэгацыі веравызнання, раніцай ішоў на працу, то спыняўся на паўгадзіны, каб пагаварыць з людзьмі, якія звярталіся да яго на вуліцы. Не клапоцячыся аб тым, які чалавек перад ім: вялікі або "маленькі".

Адказваючы на пытанне аб тым, якую самую вялікую спадчыну пакінуў Бэнэдыкт XVI, Месоры назваў “упэўненасць у тым, што Хрыстус сапраўды Сын Божы”: “Ён не сумняваўся ў праўдзівасці Евангелля. Спадзяюся, ён хутка стане святым”.

11 студзеня 2023, 14:15