Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Пасад заклікае кансэкраваных асоб да місіянерства

Місійнасці прысвечана сёлетняе ватыканскае пасланне з нагоды 27-га Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які будзе адзначацца ў Касцёле 2 лютага 2023 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Місіянерства вядзе нас да паўнаты нашага хрысціянскага паклікання, дае нам магчымасць вярнуцца да стыля Бога, якім з’яўляецца блізкасць, спагада і пяшчота, што выяўляецца ў словах, прысутнасці і повязях сяброўства”, - гаворыцца ў дакуменце.

Святы Пасад заклікае кансэкраваных асоб не адасабляцца ад жыцця людзей і клапаціцца пра ўразлівых і бедных нашага часу, лечачы раны і аздараўляючы разбітыя сэрцы Божым алеем. Нагадваецца, што “місія – гэта кісларод хрысціянскага жыцця”, а аб місіянерскім запале неабходна настойліва прасіць у малітве да Святога Духа.

Пасланне было абнародавана за подпісам кардынала Жуана Браз дэ Авіса і арцыбіскупа Хасэ Радрыгеса Карбальё, адпаведна прэфекта і сакратара Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Паведамляецца, што 2 лютага кардынал дэ Авіс будзе цэлебраваць святую Імшу з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Яна пройдзе ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Звычайна гэту літургію ўзначальвае Папа, але сёлета ў гэты дзень ён будзе знаходзіцца ў Апостальскім падарожжы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Паўднёвым Судане.

28 студзеня 2023, 11:28