Ватыкан: адкрыты доступ да магілы Бэнэдыкта XVI
8 студзеня 2023 года быў адкрыты доступ у Ватыканскія гроты, дзе можна памаліцца ля магілы Бэнэдыкта XVI. Многія пілігрымы ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа-эмерыт спачыў у той жа магіле, дзе ў 1963-2000 гадах спачываў святы Ян XXIII, а ў 2005-2011 гадах – святы Ян Павел ІІ. Месца свайго пахавання Бэнэдыкт XVI выбраў перад адстаўкай у 2013 годзе.
Магіла накрыта простай мармуровай плітой з надпісам Benedictus PP XVI, побач з ёй стаяць два букеты кветак. Служба парадку базылікі святога Пятра клапоціцца, каб гэта было найперш месцам цішыні і малітвы. Доступ у Ватыканскія гроты магчымы ў гадзіны працы базылікі святога Пятра.
08 студзеня 2023, 14:20