Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі ля грузавіка з дапамогай для Украіны Кардынал Конрад Краеўскі ля грузавіка з дапамогай для Украіны 

Ватыкан: чарговая партыя гуманітарнай дапамогі для Украіны

Кардынал Конрад Краеўскі паведаміў, што дзякуючы шчодрасці ахвярадаўцаў была набыта чарговая партыя тэрмаадзення і электрагенератараў для жыхароў Украіны. Яны ўжо адправіліся да адрасатаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Галоўным хабам гуманітарнай дапамогі для насельніцтва Украіны, змучанага вайной, ракетнымі абстрэламі і маразамі, стала рымская ўкраінская парафія святой Сафіі, дзе семінарысты і валанцёры прымаюць неабходныя рэчы і загружаюць іх у грузавікі, якія адпраўляюцца па назначэнні.

14 студзеня 2023 года адтуль вырушыў чарговы грузавы аўтамабіль з тэрмаадзеннем і электрагенератарамі, набытымі на сродкі ахвярадаўцаў Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні. У рамках ватыканскай гуманітарнай кампаніі пад дэвізам Цяпло салідарнасці было сабрана больш за 300 тысяч еўра.

На працягу бліжэйшых 48 гадзін жыццёва неабходны груз прыбудзе ў прыфрантавую зону – горад Запарожжа, - паведаміў Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, які некалькі тыдняў таму сам вярнуўся з Украіны. У другой палове снежня ватыканскі іерарх асабіста даставіў партыю тэрмаадзення і электрагенератараў у Кіеў, а таксама суправадзіў гуманітарны канвой з трох грузавых аўтамабіляў, якія накіраваліся ў іншыя гарады краіны.

16 студзеня 2023, 09:52