Пошук

Экуменічная сустрэча ў Рыме Экуменічная сустрэча ў Рыме  (ANSA)

Важныя экуменічныя падзеі ў 2022 і 2023 гадах

“Год надзей” – пад такой назвай выйшаў на старонках ватыканскай газеты L'Osservatore Romano артыкул, прысвечаны важным этапам экуменічнага шляху ў 2022 і 2023 гадах.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Наша хрысціянская місія заключаецца ў тым, каб дасягнуць прымірэння ў свеце, з Касцёлам у якасці інструмента і бачнага сімвала адзінства, да якога Бог заклікае ўсіх”, - з такімі словамі, якія прачытаў кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, звярнуўся Францішак да ўдзельнікаў 11-й Генеральнай асамблеі Сусветнай рады Цэркваў, якая праходзіла ў нямецкім Карлсруэ з 31 жніўня па 8 верасня 2022 года. Мерапрыемства стала адным з самых плённых момантаў экуменічнага шляху ў мінулым годзе. На сустрэчы абмяркоўваліся такія тэмы, як барацьба з усімі формамі дыскрымінацыі, вызначэнне новых эканамічных шляхоў, павага да навакольнага асяроддзя, праблемы, выкліканыя пандэміяй, а таксама гучаў моцны заклік да асуджэння вайны.

У 2022 годзе была пацверджана важнасць працягу тэалагічных разважанняў па ўсё яшчэ адкрытых пытаннях, якія перашкаджаюць дасягненню поўнага адзінства. Міжнародная англікана-каталіцкая камісія правяла ў Ватыкане сваю працоўную сесію з 7 па 14 мая 2022 года. На 2023 год запланавана пленарнае пасяджэнне Змяшанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

У 2023 годзе экуменічны шлях адзначыцца серыяй юбілеяў. Адбудзецца святкаванне 50-ай гадавіны Сумеснай дэкларацыі, падпісанай 10 мая 1973 года Папам Паўлам VI і Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Шэнудай III. Каталіцка-копцкі дыялог ажывіўся пасля сустрэчы Францішка з Тавадрасам II у 2013 годзе. Рым і Александрыя жадаюць паказаць новы шлях да агульнага сведчання і абвясціць Дзень копцка-каталіцкага сяброўства.

25 сакавіка 2023 года будзе адзначацца 30-я гадавіна публікацыі Даведніка па рэалізацыі прынцыпаў і нормаў па экуменізме, які па-ранейшаму ўяўляе сабой вельмі карысны інструмент Касцёла.

16 сакавіка 2023 года споўніцца 50 гадоў з дня падпісання Леянбергскага канкардата, які прадстаўляе сабой узор адзінства ў разнастайнасці, заснаваны на тэалагічным пераасэнсоўванні прычын рознагалоссяў, якія ўзніклі ў 16 стагоддзі.

У гэтым годзе будзе таксама адзначацца 75-я гадавіна заснавання Сусветнай рады Цэркваў, створанай у 1948 годзе.

Чакаецца таксама, што апостальскае падарожжа Францішка ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан, якое адбудзецца з 31 студзеня па 5 лютага 2023 года, стане важнай вяхой на экуменічным шляху. Суправаджаць Папу ў гэтай экуменічнай пілігрымцы будуць ганаровы кіраўнік англіканскай супольнасці Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі і мадэратар Генеральнай асамблеі Прэсвітэрыянскай Царквы Шатландыі Іен Грыншылдс.

16 студзеня 2023, 14:16