Пошук

Архіўны дакумент часоў Другой сусветнай вайны Архіўны дакумент часоў Другой сусветнай вайны  

Дакументы аб ролі Пія XII у Другой сусветнай вайне цяпер оnline

Пісьмовыя просьбы аб дапамозе, якія ў часы Другой сусветнай вайны яўрэі скіроўвалі да Папы Пія ХІІ (пантыфікат 1939-1958), цяпер цалкам у адкрытым доступе. Завяршылася распачатая ў 2022 годзе алічбоўка каля 2,5 тысяч дакументаў.

Ян Глінскі

На працягу дзесяцігоддзяў гісторыкі вялі спрэчкі адносна ролі Пія ХІІ у Другой сусветнай вайне. Апублікаваныя лісты і акты адкрываюць важную новую інфармацыю, прыдатную для гэтых дэбатаў. Між іншым, з дакументаў высвятляецца, што Святы Пасад па даручэнні Папы стараўся дапамагаць як ахрышчаным, так і неахрышчаным яўрэям.

Тры гады таму Святы Пасад адкрыў для даследаванняў свае архівы з дакументамі аб пантыфікаце Пія XII. Сярод іх знаходзяцца лісты яўрэяў з петыцыямі да Пантыфіка. Гэтыя асабістыя гісторыі ўражваюць, а сведчанні аб пераследзе, пакутах і жахах падчас панавання нацыстаў у Германіі і акупаваных імі краінах падчас вайны ашаламляюць.

Апостальская Сталіца рэагавала на заклікі аб дапамозе, калі толькі была такая магчымасць: фінансава або арганізоўваючы харчаванне ці прытулак. Часам Папа мог таксама дапамагчы ў афармленні візы або грашыма для падарожжа на караблі, каб яўрэі маглі пазбегнуць дэпартацыі ў лагеры смерці. З гістарычных крыніц можна даведацца, што Пій ХІІ асабіста прачытаў мноства петыцый і сам прымаў рашэнні аб дапамозе.

25 лютага 2023, 09:04