Пошук

Клаўдыё Гуджэроці падчас візіту ў Сірыю і Турцыю Клаўдыё Гуджэроці падчас візіту ў Сірыю і Турцыю 

Гуджэроці: ізаляцыя народа не прыносіць карысці нікому

Завяршыўся візіт Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці ў Сірыю і Турцыю, насельніцтва якіх пацярпела ад моцнага землятрусу. У інтэрв'ю ватыканскім СМІ іерарх падзяліўся сваімі ўражаннямі ад паездкі, а таксама планамі па аказанні дапамогі пацярпелым.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Гуджэроці адзначыў, што падземныя штуршкі працягваюцца, гэта ўзмацняе эмацыйны стрэс і моцна ўплывае на людзей, вымушаючы іх зноў і зноў пакідаць свае дамы. Па словах прэфекта, у дзвюх краінах склаліся вельмі розныя сітуацыі. Турцыя атрымлівае міжнародную дапамогу, якую размяркоўвае цэнтралізавана, праз дзяржаўную ўстанову, што з аднаго боку дазваляе лепш каардынаваць дзейнасць па ліквідацыі наступстваў, а з другога боку – ускладняе ініцыятывы па аказанню дапамогі.

“У Сірыі склалася іншая сітуацыя. Гэта разбураная краіна. Дванаццаць гадоў вайны і асабліва вынікі санкцый прывялі да збяднення насельніцтва”, - заўважыў іерарх, дадаючы, што не пазнаў Сірыю, якую наведваў 25 гадоў таму: “Нікчэмныя заробкі, беспрацоўе, велізарная эміграцыя, разбураныя бамбёжкамі гарады”. Цяперашняя сітуацыя з вайной і санкцыямі вельмі ўскладняе дапамогу: на атрыманне віз патрабуецца шмат часу, перавесці грошы немагчыма, рэгіёны знаходзяцца пад кантролем розных груповак. Каб не францысканцы, якія знаходзяць больш-менш легальныя каналы, у людзей не было б нічога, - падзяліўся арцыбіскуп Гуджэроці. На яго думку, ізаляцыя краіны прывяла да фактычнага разбурэння грамадства. “І гэта нікому не прыносіць карысці”, - сцвердзіў іерарх.

На пытанне аб тым, як знайсці палітычнае рашэнне для Сірыі, арцыбіскуп Гуджэроці адказаў, што не можа даць рэцэпт, але хацеў бы заклікаць усіх, хто ўдзельнічае ў канфлікце ўлічваць не толькі палітычныя мэты, але і становішча канкрэтных людзей, якія жывуць у краіне. “Калі мы руйнуем рэальнасць, то маем зруйнаваную рэальнасць, а не пабудаваную дэмакратыю”, - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб ініцыятывах па аказанні дапамогі прэфект адзначыў, што плануецца рабіць гэта праз ROACO – Асамблею ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам, якая аб'ядноўвае шматлікія кампетэнтныя гуманітарныя арганізацыі. Акрамя таго, Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў стварыла банкаўскі рахунак для збору грашовых сродкаў, каб даць магчымасць як мага большай колькасці людзей дапамагчы пацярпелым.

Напрыканцы інтэрв'ю арцыбіскуп Гуджэроці падзяліўся сваімі думкамі пра вайну ва Украіне, дзе ён быў Апостальскім нунцыем да 2020 года. Ён нагадаў, што Святы Пасад імкнуўся прадухіліць надзвычай напружаную сітуацыю, але “на жаль, гэтага было недастаткова”, таму што Мінскія пагадненні “не маглі ці не хацелі рэалізаваць”. На думку іерарха, існуе “перапляценне міжнародных інтарэсаў, з-за якіх вайна вядзецца з трэцімі асобамі на ўкраінскай тэрыторыі”, таму “убачыць перспектывы ў цяперашняй сітуацыі вельмі складана”.

24 лютага 2023, 12:00