Сірыя і Турцыя атрымаюць дапамогу ад Папы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Адказваючы на заклік да салідарнасці з народамі гэтых краін, які Пантыфік скіраваў падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі, Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, асабіста даставіў у порт Неапаля 10 тысяч тэрмічных футболак, якія, разам з гуманітарнай дапамогай ад італьянскіх дабрачынных арганізацый, адправіліся на караблі ў турэцкі горад Іскендэрун. Тэрмаадзенне будзе размеркавана сярод людзей, якія знаходзяцца ў лагерах для бежанцаў на тэрыторыі Турцыі і Сірыі.
Францішак таксама даў указанне Дыкастэрыі па міласэрным служэнні аказаць фінансавую падтрымку сірыйскаму насельніцтву. Сродкі былі пераведзены на рахунак Апостальскай нунцыятуры ў Дамаску, якая будзе каардынаваць іх размеркаванне на тэрыторыі краіны.