Пошук

Кардынал Паралін ў кулуарах саміта Святога Пасада і Італіі Кардынал Паралін ў кулуарах саміта Святога Пасада і Італіі  (ANSA)

Святы Пасад і Італія: супрацоўніцтва на карысць грамадства

У Рыме з нагоды гадавіны падпісання Латэранскіх пагадненняў прайшоў традыцыйны двухбаковы саміт Святога Пасада і Італіі, які ўзначалілі Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла і Дзяржсакратар Яго Святасці Папы кардынал П’етра Паралін. Сярод закранутых тэм: юбілейны год, міграцыя, сям'я, вайна ва Украіне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча прайшла ў “спакойным клімаце”, у духу максімальнага супрацоўніцтва. Абодва бакі падкрэслілі гатоўнасць весці дыялог на “карысць грамадства”.

Былі разгледжаны такія тэмы, як сумесная праца Святога Пасада і Італіі з нагоды Юбілею 2025 года. “Мы ўжо крыху спазняемся”, - адзначыў у гэтай сувязі кардынал Паралін.

Частка сустрэчы была прысвечана тэмам, найбольш блізкім італьянскаму Касцёлу, такім як сям'я, беднасць, школа. Было пацверджана жаданне ўмацоўваць фундаментальную ячэйку грамадства, асабліва з пункту гледжання барацьбы са спадам нараджальнасці.

Адказваючы на пытанне пра канфлікт ва Украіне, бліжэйшы супрацоўнік Папы адзначыў, што існуюць пэўныя цяжкасці ў перамовах аб спыненні агню. Ён падкрэсліў, што “для Святога Пасада вельмі важны гуманітарны аспект”. Выклікаюць непакой умовы, у якіх жыве значная частка насельніцтва Украіны. Тое ж самае тычыцца і мігрантаў. На думку іерарха, неабходна “вызначыць шляхі рэгулярызацыі міграцыйных патокаў”.

Размаўляючы з журналістамі ў кулуарах пасля цырымоніі, віцэ-прэм'ер Італіі і міністр замежных спраў Антоніа Таяні назваў сустрэчу “вельмі пазітыўнай”. Ён дадаў, што па многіх пытаннях бакі “могуць ісці агульным шляхам”. Так, напрыклад, у галіне знешняй палітыцы абмяркоўваліся такія пытанні, як мір, сітуацыя ў Афрыцы, на Балканах, гуманітарная дапамога і хрысціянскія меншасці ў свеце.

15 лютага 2023, 11:09