Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад правядзе канферэнцыю для пастыраў і свецкіх

16-18 лютага 2023 года ў Ватыкане пройдзе Міжнародная канферэнцыя "Пастыры і свецкія, закліканыя ісці разам", арганізаваная Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У мерапрыемстве прымуць удзел адказныя па справах свецкіх у нацыянальных епіскапатах.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Першы дзень канферэнцыі, 16 лютага, будзе прысвечаны пытанням сумеснай адказнасці свецкіх вернікаў, а таксама сферам і спосабам яе ажыццяўлення. 17 лютага, на другі дзень канферэнцыі, будуць разглядацца пытанні навучання як свецкіх, так і пастыраў. 18 лютага ўдзельнікаў канферэнцыі прыме на аўдыенцыі Францішак, які звернецца да іх з прамовай і ўдзяліць ім сваё благаслаўленне.

Чатыры асноўныя даклады даручаны прафесару Луісу Навара, рэктару Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа, прафесару Кармэн Пенья Гарсія з факультэта кананічнага права Папскага ўніверсітэта ў Мадрыдзе, прафесару Бостанскага каледжа Хосфману Аспіна і арцыбіскупу Квебека, кардыналу Джэральду Лакруа. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі, кардынал Матэа Марыя Дзупі, будзе мадэратарам круглага стала.

Акрамя асноўных дакладаў, падчас канферэнцыі прагучаць 16 кароткіх прэзентацый пра супрацоўніцтва свецкіх і пастыраў на ўсіх кантынентах: ад Мадагаскара да Індыі, ад Бразіліі да Польшчы, ад Гватэмалы да Францыі.

Чакаецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел 210 чалавек, у тым ліку 107 свецкіх, 36 святароў і 67 біскупаў. Дэлегаты паходзяць з 20 краін Афрыкі, 13 краін Азіі, 14 краін Амерыкі і 24 краін Еўропы.

14 лютага 2023, 14:12