Святы Пасад прыме ўдзел у Венецыянскай біенале архітэктуры
Марыя Валодзіна - Vatican News
Выстава на тэму Сацыяльнае сяброўства размесціцца ў памяшканнях кляштара бенедыкцінцаў і садах абацтва на востраве Сан-Джорджа-Маджорэ.
Прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса выказаў задавальненне ў сувязі з удзелам Святога Пасада ў біенале, прысвечанай ролі архітэктараў у стварэнні лепшай і больш устойлівай будучыні. Майстэрня будучыні – такую тэму прапанавала куратар біенале-2023 Лэслі Лока.
Кардынал Таленціна назваў прысутнасць ватыканскай экспазіцыі на форуме “дэкларацыяй аб жаданні Касцёла быць бліжэй не толькі да архітэктуры, але і наогул да мастацтва”. Ён падкрэсліў намер дыкастэрыі пашыраць прысутнасць Касцёла на мастацкіх мерапрыемствах, каб “аднавіць успрыманне Касцёла як сябра мастакоў, зацікаўленага ў праслаўленні іх дасягненняў і прыцягненні ўвагі да вынікаў іх дзейнасці”. Іерарх спадзяецца, што гэта ўзбагаціць дыялог і ўзмоцніць паразуменне, а таксама заахвоціць мясцовыя Касцёлы да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах на рэгіянальным узроўні.
Па словах куратара выставы, архітэктара Раберта Крэмасколі, ідэя экспазіцыі – заахвоціць наведвальнікаў да "клопату аб планеце так, як мы клапоцімся аб нас саміх, а таксама цэлебраваць культуру сустрэчы".
Да ўдзелу ў стварэнні ватыканскага павільёна запрошаны партугальскі архітэктар Альвара Сіза, лаўрэат Прытцкераўскай прэміі за 1992 год, а таксама італьянская студыя Albori, якая спецыялізуецца на распрацоўцы экалагічных архітэктурных праектаў.