Святы Пасад: рынак працы мае патрэбу ў этыцы агульнага дабра
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дыскрымінацыя людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, беспрацоўе сярод моладзі, неспрыяльнае становішча жанчын, дзіцячая праца – вось наступствы цяжкага працоўнага крызісу, які перажывае свет, - заявіў арцыбіскуп Габрыэле Кача падчас 61-ай сесіі Камісіі па сацыяльным развіцці, якая прайшла ў Нью-Ёрку пад назвай "Паўнавартасная і прадуктыўная занятасць і годная праца для ўсіх як спосаб пераадолення няроўнасці і паскарэння аднаўлення пасля пандэміі COVID-19, а таксама поўная рэалізацыя Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года".
Крызіс занятасці, на думку прадстаўніка Святога Пасада, часткова "звязаны з фундаментальнымі і структурнымі пераменамі, выкліканымі ростам сусветнай эканомікай, пандэміяй каронавіруса і цыклічнай фінансавай нестабільнасцю". Усё гэта прывяло да таго, што "не праца для чалавека, а чалавек для працы" і спарадзіла культуру аднаразовага выкарыстання.
Найбольшай рызыцы падвяргаюцца пажылыя людзі, моладзь і жанчыны. Дыскрымінацыя пажылых людзей выяўляецца ў несправядлівым меркаванні, што яны "маюць больш нізкія здольнасці да навучання і вытворчасці, чым іншыя ўзроставыя групы". У іншых выпадках пенсіянеры вымушаныя працягваць працаваць, таму што "адсутнасць адэкватнай сацыяльнай абароны робіць іх выхад на пенсію немагчымым". Маладыя людзі ва ўсім свеце сутыкаюцца, з аднаго боку, з ростам беспрацоўя, з другога – з высокай неабароненасцю і нестабільнасцю даходаў. Па-ранейшаму частымі прычынамі звальнення або адмовы ад працаўладкавання жанчын становяцца цяжарнасць і мацярынства. Ніводная жанчына, паводле арцыбіскупа Кача, "ніколі не павінна быць вымушана выбіраць паміж сям'ёй і працай".
Прыкладамі культуры эксплуатацыі з’яўляюцца дзіцячая праца – відавочнае "парушэнне чалавечай годнасці", а таксама пошук "новых спосабаў зніжэння коштаў", такіх як "неадэкватная плата, падоўжаны графік і часовыя кантракты", - адзначыў іерарх.
Неабходна пераасэнсаваць працоўную палітыку такім чынам, каб яна ставіла чалавека і яго годнасць у цэнтр. Важна "інвеставаць у палітыку сацыяльнай абароны, арыентаваную на сям'ю". Рынак працы мае патрэбу ў абноўленай этыцы агульнага дабра і павагі да годнасці кожнага чалавека, у той час як палітыка павінна дзейнічаць так, каб "усе жанчыны і мужчыны маглі максімальна выкарыстоўваць свае таленты і ставіць іх на службу грамадству, каб спрыяць сацыяльнаму развіццю", - завяршыў сваю прамову прадстаўнік Святога Пасада ў ААН.