Пошук

Штаб-кватэра ААН у Жэневе Штаб-кватэра ААН у Жэневе  (BENEDETTA BARBANTI)

Святы Пасад у ААН пра крызіс шматбаковай сістэмы

Вера можа дапамагчы справіцца з крызісам шматбаковай сістэмы, – заўважыў першы сакратар Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасаду пры ААН у Жэневе Джон Путцер, выступаючы 10 лютага 2023 года на 8-м штогадовым Міжканфесійным дыялогу на тэму “Вера, шматбаковасць і дзяржаўная палітыка”.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Прадстаўнік Святога Пасаду назваў тэму дыскусіі своечасовай і важнай. Свет сутыкаецца з такімі крызісамі, як адсутнасць харчовай бяспекі, масавая міграцыя, надзвычайныя сітуацыі ў галіне аховы здароўя, змена клімату і стыхійныя бедствы, а таксама шматлікія зацяжныя канфлікты, такія як вайна ва Украіне. Гэтыя глабальныя крызісы выпрабоўваюць на трываласць шматбаковую сістэму і "ясна дэманструюць, што мы не можам выратавацца ў адзіночку: усе вялікія выклікі нашага часу глабальныя", - адзначыў дыпламат.

На яго думку, супрацоўніцтву, неабходнаму для вырашэння гэтых праблем, занадта часта перашкаджаюць палітычныя і нацыянальныя інтарэсы, абвінавачванні, маніпуляцыі і адсутнасць палітычнай волі. Дзейнасць міжнародных арганізацый і сістэмы ААН блакуецца, расце палярызацыя сярод членаў.

У гэтай сувязі, прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра заклік Францішка да абнаўлення шматбаковай сістэмы, рэакцыя якой на глабальныя выклікі дагэтуль была “няпоўнай, несвоечасовай і недастатковай”.

Паводле ватыканскага дыпламата, дапамагчы справіцца з гэтым крызісам шматбаковасці можа вера. Рэлігійныя каштоўнасці – гэта агульначалавечыя каштоўнасці, яны могуць адыгрываць важную ролю ў пераадоленні недахопаў шматбаковай сістэмы.

На заканчэнне, прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў словы Францішка да дыпламатычнага корпуса. У сваім штогадовым звароце Папа выказваў пажаданне, каб у ходзе сустрэч і перамоў людзі асэнсавалі адну са сваіх самых галоўных патрэб: каб паміж імі і паміж народамі панаваў не страх, а любоў.

14 лютага 2023, 09:26