Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: не паўтараць у космасе старых памылак

Арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў жэнеўскім бюро ААН прыняў 3 лютага 2023 года ўдзел у трэцяй сесіі Рабочай групы па змяншэнню касмічных пагроз з дапамогай нормаў, правілаў і прынцыпаў адказных паводзін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Улічваючы ўсё большую залежнасць грамадзянскай дзейнасці ад касмічнай прасторы, а таксама наступствы жорсткай канкурэнцыі паміж дзяржавамі за дамінаванне на гэтай арэне, надзвычай важна захаваць касмічную прастору выключна для мірных мэтаў. У гэтай сувязі важна таксама нагадаць, што інфармацыя, якую атрымоўваюць з космасу, спрыяе міжнароднаму міру і бяспецы, у тым ліку шляхам праверкі выканання дагавораў аб раззбраенні і кантролю над узбраеннямі, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Апостальскі нунцый выказаў занепакоенасць тым, што касмічная прастора можа стаць тэатрам ваенных дзеянняў, а таксама сродкам вядзення канфліктаў. Неабходна тэрмінова адрэагаваць на гэтую пагрозу прававымі мерамі, узяўшы за адпраўную кропку Статут ААН і Дагавор па космасу.

Паводле арцыбіскупа Нвачукву, відавочна, што тэхналагічны прагрэс і касмічныя распрацоўкі апярэджваюць міжнароднае рэгуляванне і распрацоўку нарматыўных актаў. На яго думку, умацаванню калектыўнай бяспекі і адказнасці спрыяла бы забарона на размяшчэнне ў космасе ўсіх катэгорый зброі, а таксама шматбаковае абавязацельства па забароне распрацоўкі і выпрабаванняў проціваспадарожнікавай зброі.

Па меры таго як усё больш і больш дзяржаў, а таксама прыватных суб'ектаў, будуць займацца касмічнай дзейнасцю, патрэба ў выразных нормах і прававых актах будзе станавіцца ўсё больш тэрміновай. Акрамя таго, канкрэтныя нормы, правілы і прынцыпы дазволяць пазбегнуць суб'ектыўнасці ва ўспрыманні пагроз, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Вітаючы меры па забеспячэнню транспарэнтнасці, Святы Пасад выступіў у падтрымку перамоў па стварэнню юрыдычна абавязковага дакумента, які дапамог бы захаваць і гарантаваць касмічную прастору як выключна мірнае і ўстойлівае асяроддзе, а таксама прадухіліць любую гонку ўзбраенняў у будучыні.

На думку ватыканскага дыпламата, этычныя паводзіны ў космасе павінны грунтавацца на пачуцці агульнай адказнасці, у тым ліку перад будучымі пакаленнямі. Сапраўды, важна не паўтараць у космасе тых жа памылак, якія мы зрабілі на Зямлі, такіх як гвалтоўныя канфлікты, распаўсюджванне зброі, "стрымліванне" і безразважная эксплуатацыя рэсурсаў навакольнага асяроддзя. У той жа час нормы, правілы і прынцыпы адказных паводзін могуць прасоўвацца з дапамогай сумесных навуковых праектаў, такіх як калектыўныя намаганні па ачыстцы касмічнага смецця.

“З спрадвечных часоў зорнае неба над галавой было крыніцай глыбокага зачаравання і натхнення для ўсіх народаў на Зямлі”, - нагадаў дыпламат і заклікаў не павялічваць рызыку, а ствараць “культуру міру і братэрства” для будучых пакаленняў.

04 лютага 2023, 14:26