Пошук

Папа падчас сустрэчы з ахвярамі гвалту ў ДРК Папа падчас сустрэчы з ахвярамі гвалту ў ДРК  (ANSA) Калонка рэдактара

Тарніелі пра сустрэчу Папы з ахвярамі гвалту

Кранальнай сустрэчы Святога Айца з ахвярамі насілля ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга прысвяціў сваю аўтарскую калонку на партале Vatican News Андрэа Тарніелі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ад сваёй першай прамовы ў Кіншасе папа Францішак прасіў свет не закрываць вочы, вушы і вусны на тое, што адбываецца ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і ва ўсёй Афрыцы”, - заўважыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Прысутныя на сустрэчы Святога Айца з ахвярамі гвалту змаглі пачуць сведчанні “нечалавечай лютасці канфліктаў і насілля”, якія трываюць на ўсходзе краіны, спакутаванай ад этнічных і тэрытарыяльных войнаў – канфліктаў, звязаных з валоданнем зямлёй і “святатацкай нянавісцю тых, хто забівае ў імя фальшывага бога”.

Тарніелі падкрэсліў, што толькі слёзы і маўчанне маглі суправаджаць аповеды, якія былі прадстаўлены Папу: малады чалавек расказаў, як, апранутыя ў ваенную форму людзі, забілі і рассяклі на кавалкі яго бацьку і выкралі яго маці; маладая жанчына распавяла, як у пятнаццацігадовым узросце была выкрадзена баевікамі і на працягу дзевятнаццаці месяцаў падвяргалася сексуальнаму гвалту з боку іх камандзіра – яна здолела ўцячы, будучы цяжарнай, і цяпер стаяла перад Святым Айцом з дзвюма блізняткамі, сваімі дочкамі. Іншая жанчына распавяла, што была выкрадзена ў шаснаццацігадовым узросце, выкарыстоўвалася баевікамі як сексуальная рабыня і прымушалася да канібалізму...

“Толькі цішыня і слёзы. Францішак быў уражаны і расчулены. Ён паўтараў імя Езуса, бо “з Ім зло ўжо не мае апошняга слова над жыццём... З Ім кожная магіла можа ператварыцца ў калыску, кожнае выпрабаванне – у пасхальны сад”. З Ім можа адрадзіцца надзея “для тых, хто зведаў зло і нават для тых, хто яго ўчыніў”, - напісаў Андрэа Тарніелі.

“Ахвяры, якія задзейнічаны ў працэсе прабачэння і прымірэння, паклалі сімвалы сваіх пакут – мачэтэ, цыноўку, некалькі цвікоў – пад вялікае Укрыжаванне, якое стаяла побач з Папам... Цяжка нават уявіць магчымасць прабачэння, пачуўшы іх словы і акіян гвалту, пакут і прыніжэнняў, якія яны перажылі. Калі гэта адбываецца, то з чыстай ласкі. Зрабіць гэта можа дазволіць толькі цуд. Калі сонца заходзіла над Кіншасай мы былі сведкамі гэтага цуду, магчымага для тых, хто жыве Тым, які зрабіў магілу пачаткам новай гісторыі”, - падзяліўся сваім сведчаннем галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.
 

02 лютага 2023, 12:26