Чытанне Евангелля дапамагае перажыць крызісныя часы
Марыя Валодзіна - Vatican News
У размове з Vatican News ксёндз Кандзіяр патлумачыў, што “тэрмін апакаліпсіс не азначае канец свету, як гэта прынята лічыць”, а паходзіць ад грэцкага слова, якое азначае раскрыццё сэнсу гісторыі. На думку дамініканца, апакаліптычнае казанне Езуса (Мк, 13) малавядомае, але вельмі карыснае ў часы крызісаў, падобных цяперашнім. Па яго словах, Езус кажа ў ім “не столькі пра канец свету, колькі пра мэту, сэнс, кірунак, у якім мы рухаемся”.
Адказваючы на пытанне аб тым, што можа даць Евангелле свету, у якім бушуюць войны, эканамічны і экалагічны крызісы, аўтар кнігі-эсэ заўважыў: “Калі б яму няма чаго было нам сказаць, яно б толькі займала нашу душу і час малітвы, і было б бескарысным. Я напісаў гэта эсэ менавіта для таго, каб паспрабаваць паказаць людзям, што Евангелле неабходна ў нашым жыцці не толькі на асабістым і духоўным узроўні, але і ў нашай калектыўнай гісторыі”.
Кніга запрашае паразважаць над так званым парадоксам добрай весткі: магчыма, трэба задумацца пра канец свету, каб знайсці трохі надзеі ў гэтым свеце. Калі Езус і прамаўляе сваё апакаліптычнае казанне, то не для таго, каб моцна запалохаць нас, а для таго каб мы зразумелі, што пастаўлена на карту: не боскае пакаранне за памылкі чалавека, а распаўсюджванне неабмежаванага зла і яго разбуральныя наступствы, - лічыць аўтар.
Чытанне Евангелля дае ключы да лепшага разумення нашага свету, укараняючы надзею, нягледзячы на распаўсюджванне нястрымнага зла. “Кніга адрасавана менавіта тым, хто перажывае сёння драматычныя часы, тым, хто хоча знайсці дапамогу ў слове Божым”, - заключыў аўтар.