Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: мы ўдзячныя Богу за дар пантыфікату Францішка

Быць удзячнымі Богу за дар пантыфікату Францішка, - заклікаў кардынал П’етра Паралін з нагоды дзесятай гадавіны абрання Хорхэ Марыа Бэрголіа на пасаду Біскупа Рыма.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел у анлайн-сустрэчы, арганізаванай Акадэміяй каталіцкіх лідараў – структурай, якая дзейнічае ў адзінаццаці краінах Лацінскай Амерыкі. Форум быў прымеркаваны да дзесяцігоддзя пантыфікату Францішка.

Кардынал Паралін лічыць, што “Папа, з усімі сваімі цнотамі і хібамі, з’яўляецца часткай правідэнцыяльнай педагогікі, якую Бог выкарыстоўвае для таго, каб выхоўваць і папраўляць нас”. Цяперашні пантыфікат, на яго думку, гэта сапраўдны дар, які трэба “прыняць і святкаваць без страху, калі хочам жыць у поўнай касцёльнай камуніі і па-сапраўднаму наследаваць Езуса Хрыста”. “Гэта значыць, што няма поўнай касцёльнай еднасці без еднасці з папам Францішкам”, - дадаў ён.

Дзяржсакратар перакананы, што чалавечнасць Папы, з якой ён спаўняе пятровае служэнне, з’яўляецца яго слабым бокам. “Чалавечнасць Пятра і ўсіх яго наступнікаў – заўсёды была аб’ектам пагарды і нападаў”, - сказаў ён, спасылаючыся на кнігу Ганса Урса фон Бальтазара Антырымская эпідэмія, якая выйшла ў 1974 годзе. У гэтым творы вялікі нямецкі тэолаг сцвярджаў, што кожны Папа, якім бы святым ён ні быў, мае таксама “чалавечы бок”, адкрыты для крытыкі.

“Вельмі шкада, аднак, што ў Каталіцкім Касцёле, які складаецца з грэшнікаў, як толькі чалавек займаецца больш высокую пасаду, ён губляе ўсю сімпатыю, якую меў дагэтуль, і трапляе пад напады больш ці менш жорсткай крытыкі”, - сказаў кардынал П’етра Паралін, адзначаючы, што гэта тычыцца таксама і цяперашняга Папы.
 

13 сакавіка 2023, 10:01