Пошук

Арцыбіскуп Галахер з міністрам па пытаннях Еўропы і замежных спраў Албаніі Олтай Джачкай Арцыбіскуп Галахер з міністрам па пытаннях Еўропы і замежных спраў Албаніі Олтай Джачкай 

Галахер: Святы Пасад падтрымлівае еўрапейскую будучыню Албаніі

Албанія, як і ўсе заходнебалканскія краіны, уваходзіць у дыпламатычныя прыярытэты Святога Пасаду, - заявіў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі на прэс-канферэнцыі ў Тыране.

Марыя Валодзіна – Vatican News

18 сакавіка 2023 года ў рамках афіцыйнага візіту ў Албанію арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэўся з міністрам па пытаннях Еўропы і замежных спраў Олтай Джачкай.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі, ватыканскі дыпламат нагадаў пра тое, што дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Албаніяй былі адноўлены ў 1991 годзе пасля “перыяду насілля і драмы, выкліканых прымусовым выключэннем Бога з асабістага жыцця” насельніцтва гэтай балканскай краіны. Ён выказаў удзячнасць за прагрэс, дасягнуты Албаніяй у папярэдні ліпеню 2022 года перыяд, калі краіна пачала перамовы аб уступленні ў Еўрапейскі Саюз. На думку іерарха, гэта быў “вельмі важны крок для краіны і ўсяго заходнебалканскага рэгіёну".

Арцыбіскуп Галахер высока ацаніў адносіны паміж Албаніяй і Святым Пасадам, узгадаў апостальскія падарожжы Яна Паўла II і Францішка, візіт у Тырану Дзяржсакратара П'етра Параліна ў 2019 годзе, а таксама частыя візіты ў Ватыкан прэм'ер-міністра Албаніі Эдзі Рамы.

Сустрэча з міністрам замежных спраў, па словах дыпламата, дала магчымасць акрэсліць станоўчую дынаміку двухбаковых адносін і ўклад мясцовага Касцёла ў албанскае грамадства, асабліва ў сацыяльнай галіне, а таксама ў сферах аховы здароўя і адукацыі. Акрамя таго, абмяркоўваліся такія тэмы, як уплыў на балканскі рэгіён вайны ва Украіне і еўрапейская будучыня Албаніі і Заходніх Балкан. Арцыбіскуп Галахер пацвердзіў падтрымку Святым Пасадам краін гэтага рэгіёна “на шляху да іх поўнага адзінства з еўрапейскай супольнасцю”.

19 сакавіка 2023, 11:20