Кардынал Канталамеса: абнаўленне – гэта пастаяннае навяртанне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
3 сакавіка 2023 года прапаведнік Папскага дома звярнуўся з першым велікапосным казаннем да супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія не прымаюць удзел у духоўных практыкаваннях. Сустрэча адбылася ў ватыканскай Зале Паўла VI.
“Гісторыя Касцёла канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў пакінула нам горкі ўрок, пра які мы не павінны забывацца, каб не паўтарыць памылку, якая да яго прывяла. Я кажу пра затрымку (насамрэч пра адмову) у прыняцці да ўвагі змен, якія адбыліся ў грамадстве, і пра крызіс мадэрнізму, які быў наступствам гэтага”, - пачаў сваё казанне капуцын.
“Другі Ватыканскі Сабор быў прароцкай ініцыятывай, каб нагнаць упушчаны час”, - нагадаў законнік, адзначаючы, што Сабор паспрыяў абнаўленню Касцёла, навучаючы таму, што трэба “ісці праз гісторыю разам з чалавецтвам, спрабуючы распазнаць знакі часу”.
“Гісторыя і жыццё Касцёла не спыніліся на Другім Ватыканскім Саборы. Гора нам, калі будзем рабіць з яго тое, што спрабавалі зрабіць з Трыдэнцкім саборам – гэта значыць фінішную лінію і непарушную мэту. Калі б жыццё Касцёла спынілася, з імі адбылося б тое самае, што бывае з ракой, якая ўпіраецца ў перашкоду: яна непазбежна ператвараецца ў дрыгву або балота”, - папярэдзіў айцец Канталамеса.
Прапаведнік нагадаў словы святога Арыгена пра тое, што не дастаткова абнавіцца адзін раз, але трэба заўсёды абнаўляць нават тое, што новае: Ipsa novitas innovanda est. Патрэбу ў пастаянным абнаўленні капуцын параўнаў з патрэбай у пастаянным навяртанні, як на асабістым, так і на агульнакасцёльным узроўнях.
Кардынал Раньера Канталамеса нагадаў, што ў справе абнаўлення і перамен мы заўсёды апынаемся на раздарожжы, апынаемся перад выбарам, адносна таго, якім шляхам пайсці: шляхам гэтага свету ці Бога, шляхам смерці ці жыцця. Не выбраць памылковую дарогу нам дапамагае Святы Дух.
Законнік нагадаў, што ў раннія гады існавання Касцёла менавіта Святы Дух дапамог апосталам знаходзіць рашэнні ў складаных сітуацыях: напрыклад адкрыцца на язычнікаў, якія хацелі далучыцца да хрысціянскай супольнасці, не абцяжарваючы іх юдэйскімі прадпісаннямі.
Касцёл апостальскіх часоў вучыць таксама, што не ўсё можна вырашыць праз рашэнні, прынятыя на сінодзе, або дэкрэты. Для ўвасаблення ў жыццё гэтых рашэнняў, для “прыняцці” догмаў, неабходны час, цярплівасць, дыялог, талерантнасць, а часам таксама і кампраміс, які прадугледжвае міласэрнасць і паслухмянасць сітуацыі. “Колькі цярплівасці і талерантнасці меў Бог, пасля таго як даў Дэкалог свайму народу! Як доўга ён павінен быў – і павінен яшчэ – чакаць яго прыняцця”, - сказаў кардынал.
Канталамеса зазначыў, што ў пытанні аб адносінах да язычнікаў пасрэднікам паміж тымі, хто выступаў за пераемнасць з традыцыямі, і тымі, хто выступаў за абнаўленне, быў апостал Пётр, які быў паслухмяным Святому Духу, быў уважлівым да патрэб, якія Касцёл меў у дадзены гістарычны момант, і клапаціўся пра найвышэйшае дабро супольнасці.
“Сутыкнуўшыся з палітычнымі, сацыяльнымі і касцёльнымі падзеямі і рэаліямі, мы схільныя адразу ж займаць адзін бок і дэманізаваць праціўніка, жадаць перамогі нашага выбару над выбарам нашых праціўнікаў. (Калі пачынаецца вайна, усе моляцца аднаму Богу, каб даў перамогу сваім войскам і знішчыў варожыя!). Я не кажу, што забаронена мець перавагі: у палітычнай, сацыяльнай, тэалагічнай сферах і гэтак далей, або што іх можна не мець. Аднак мы ніколі не павінны чакаць, што Бог прыме наш бок супраць праціўніка. Таксама не трэба прасіць аб гэтым тых, хто намі кіруе. Гэта як прасіць бацьку выбраць паміж двума дзецьмі; як сказаць яму: “Выбірай: ці я, ці мой супернік; ясна пакажы, на чыім ты баку!” Бог з усімі і таму не супраць нікога! Ён – Айцец для ўсіх”, - сказаў капуцын.
Прапаведнік адзначыў, што наследаваць гэты прыклад дапамагае лагоднасць – адзін з плёнаў Святога Духа. Ён заклікаў станавіцца больш талерантнымі і менш закамянелымі ва ўласных перакананнях, памятаць пра тое, як часта мы памыляліся адносна іншых людзей і розных сітуацый, і як часта павінны былі самі прыстасоўвацца да абставін.
“Выдатнае практыкаванне ў гэтым плане – быць шчырымі ў судзе нашага сэрца адносна чалавека, з якім мы не згодныя. Калі я заўважаю, што абвінавачваю кагосьці ўнутры сябе, я павінен быць асцярожным, каб не прыняць адразу мой бок. Мне трэба перастаць няспынна паўтараць свае матывы, быццам жуючы жуйку, і замест гэтага паспрабаваць паставіць сябе на месца іншага чалавека, каб зразумець яго матывы і тое, што ён таксама можа сказаць мне”, - сказаў іерарх.
Капуцын дадаў, што гэта практыкаванне карысна рабіць не толькі адносна іншага чалавека, але таксама і ў адносінах да пэўных ідэйных плыняў, з якімі мы нязгодныя, і рашэнняў, якія яны прапануюць для вырашэння праблем, што абмяркоўваюцца (на Сінодзе ці ў іншай сферы).
Айцец Канталамеса завяршыў сваё першае велікапоснае казанне словамі малітвы святога Францішка аб духу любові: “Учыні мяне, Пан, прыладаю Твайго спакою, каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць...”.