Кардынал Кох: міжрэлігійны дыялог – фундамент міру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству і старшыня Камісіі па адносінах з юдаізмам прыняў удзел у шэрагу экуменічных і міжрэлігійных сустрэч, пазначаных дыялогам і паглыбленнем узаемнага знаёмства паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій.
У каментары для Vatican News кардынал Кох зазначыў, што ў Прэшаве меў шчырую сустрэчу з Мітрапалітам Расціславам, прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі. Затым, на тэалагічным факультэце мясцовага ўніверсітэта, ён прыняў удзел у дыскусіі, прысвечанай тэме дасягнення сакрамэнтальнай камуніі паміж праваслаўнымі і католікамі. Іерарх адведаў таксама экуменічныя структуры ў Кошыцах і Браціславе.
Ватыканскі прэфект прызнаўся, што быў уражаны ўзроўнем дыялогу паміж Касцёлам і дзяржавай у Славакіі, што важна для рэлігійнай свабоды. Ён звярнуў увагу на тэндэнцыю казаць, што рэлігія – гэта асабістая справа чалавека. З аднаго боку, гэта на самой справе так, але з іншага – рэлігія мае таксама і публічнае вымярэнне: дыялог паміж веравызнаннямі з’яўляецца фундаментам міру, - падкрэсліў іерарх, адзначаючы таксама важнасць міжрэлігійнага і міжканфесійнага дыялогу, які вядзецца ў рэгіёнах, для дыялогу на больш высокім узроўні.