Новы сакратар Дыкастэрыі па евангелізацыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ім стаў 62-гадовы нігерыйскі арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву, Апостальскі нунцый, дагэтуль Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры офісе ААН і спецыялізаваных установах у Жэневе і пры Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама Прадстаўнік Святога Пасаду ў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
Арцыбіскуп Нвачукву нарадзіўся ў 1960 годзе ў Нцігане на поўдні Нігерыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1984 годзе. У 1996 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме. З 1994 года на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. Працаваў у нунцыятурах у Гане, Парагваі і Алжыры, у прадстаўніцтве Святога Пасаду пры структурах ААН у Жэневе.
Вярнуўшыся ў Ватыкан нёс служэнне ў Секцыі па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. У 2012 годзе стаў кіраўніком службы пратаколу Дзяржаўнага сакратарыяту. У 2013 годзе з рук Бэнэдыкта XVI атрымаў біскупскую сакру.
У 2017 годзе Францішак прызначыў іерарха Пастаянным назіральнікам Святога Пасаду пры офісе ААН і спецыялізаваных установах у Жэневе і пры Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама Прадстаўніком Святога Пасаду ў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
Дыкастэрыя па евангелізацыі – структура Рымскай курыі, якая паўстала на аснове Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium у выніку аб’яднання Папскай рады па новай евангелізацыі і Кангрэгацыі евангелізацыі народаў. Прэфектам гэтага ведамства з’яўляецца сам Пантыфік. Яму дапамагаюць два пра-прэфекты: арцыбіскуп Рына Фізікела ўзначальвае Секцыю па фундаментальных пытаннях евангелізацыі свету, а кардынал Луіс Антоніа Тагле – Секцыю па першай евангелізацыі і новых партыкулярных Касцёлах.