Пошук

Прафесар Стэфана Дзаманьі, кіраўнік Папскай акадэміі сацыяльных навук Прафесар Стэфана Дзаманьі, кіраўнік Папскай акадэміі сацыяльных навук 

Папскі акадэмік: Касцёл супраць новых формаў рабства

У наш час 40 мільёнаў чалавек жыве так, як быццам яны рабы, - адзначыў прафесар Стэфана Дзаманьі ў інтэрв'ю з нагоды канферэнцыі на тэму неакаланіялізму, якая праходзіць 30-31 сакавіка 2023 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Мэта саміту – паразважаць пра тое, як "супрацьстаяць новым формам каланіялізму, якія паглыбляюць несправядлівасць", - зазначыў старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Адказваючы на пытанне аб тым, з якімі формамі неакаланіялізму сутыкаецца свет, эканаміст патлумачыў: “Каланіяльныя звычаі, у тым ліку рабства і прыгоннае права, даўно забароненыя законам. Аднак сёння каля 40 мільёнаў чалавек жыве ва ўмовах паўрабства. Яны з'яўляюцца маўклівымі ахвярамі таксічнай эканомікі, выкліканай смагай нажывы. Як часта нагадвае нам Францішак, неакаланіялізм выкліканы не столькі імкненнем да ўлады, як гэта было ў мінулым, колькі дзейнасцю міжнародных рынкаў, асабліва ў наш час новых тэхналогій”.

У якасці прыкладу навуковец прывёў плату ў памеры 2 даляраў у гадзіну за працу па навучанні штучнага інтэлекту, якую выконваюць у Амерыцы афрыканцы і філіпінцы. "Гэта форма неакаланіялізму, паўрабства", - лічыць ён. Іншым прыкладам прафесар Дзаманьі назваў амаральны захоп зямель, у выніку якога мясцовых жыхароў выганяюць з зямлі і прымушаюць міграваць.

Прыкладам неакаланіялізму служаць таксама транснацыянальныя карпарацыі, якіх у свеце налічваецца каля 70 тысяч. Гэтыя кампаніі выкарыстоўваюць працу рабочых у краінах, размешчаных за тысячы кіламетраў ад штаб-кватэры, аднак не ўжываюць да іх тых жа сацыяльных стандартаў, што ва ўласнай краіне, - заўважыў эканаміст.

Па яго словах, барацьба з неакаланіялізмам вядзецца таксама і ў сферы культуры. “Сацыяльныя навукі, асабліва эканоміка, па-ранейшаму пакутуюць ад каланіяльнай ідэалогіі”, - сказаў прафесар, дадаючы, што пра гэты факт не адважваецца казаць ніхто, акрамя Францішка.

“Неабходна ачысціць эканоміку ў яе антрапалагічных і філасофскіх асновах ад каланіяльнай спадчыны”, - лічыць эксперт, маючы на ўвазе, напрыклад, вядомага эканаміста Вільгэльма Рёпкэ, аднаго з вядучых прадстаўнікоў лібералізму, які ў сваім артыкуле 1964 года выказаўся на карысць апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы. Менавіта ад такой спадчыны каланіялізму неабходна вызваліць культуру, і ўдзельнікі саміту паспрабуюць паразважаць пра гэта, - спадзяецца акадэмік.

На пытанне аб тым, як з неакаланіялізмам можа змагацца Касцёл, навуковец адказаў так: “Перш за ўсё, на культурным узроўні. Першы вораг – невуцтва”. Другі ўзровень – дзеянні. Выпраўляючыся з місіямі ў розныя землі, місіянеры “нясуць ідэю братэрства, якая заахвочвае пазбягаць любой формы палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай дыскрымінацыі і маргіналізацыі”. Акрамя таго, Касцёл можа звярнуцца з пасланнем да біскупскіх канферэнцый, каб заахвочваць людзей не паддавацца спакусе прадаваць свае землі, свае тэрыторыі, - параіў кіраўнік Папскай акадэміі сацыяльных навук.

31 сакавіка 2023, 12:34