Пошук

Прафесар Стэфана Дзаманьі Прафесар Стэфана Дзаманьі 

Папскі акадэмік назваў пяць выклікаў для сацыяльнага вучэння Касцёла

Каталіцкае сацыяльнае вучэнне здольнае дапамагчы пераадолець галоўныя выклікі, перад якімі апынулася чалавецтва, - адзначыў прафесар Стэфана Дзаманьі, старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Навуковец у інтэрв’ю Vatican News вылучыў тры этапы развіцця каталіцкага сацыяльнага вучэння: першы пачаўся з Айцамі Касцёла і працягваўся ў сярэднявечны перыяд, пазначаны вучэннем святога Тамаша Аквінскага, так званай “францішканскай школы”, і завяршыўся ўзнікненнем рынкавай эканомікі ў XVI-XV стагоддзях.

Другі этап трываў з пачатку XVI да сярэдзіны XVIII стагоддзяў. Ён характарызуецца аслабленнем каталіцкага сацыяльнага вучэння і змяшчэннем цэнтра цяжкасці тэалагічнай думкі на Поўнач Еўропы, дзе быў шырокі ўплыў Рэфармацыі ў асобе Лютэра і Кальвіна.

Менавіта тады адбылася важная змена: рынкавая эканоміка, задуманая ў святле агульнага дабра, пачала трансфармавацца ў капіталістычную, для якой, мэтай эканамічнай дзейнасці ўжо было не агульнае дабро, а дабрабыт, як сукупнасць індывідуальных дабротаў. Трэці этап распачаўся з усведамлення Касцёлам неабходнасці барацьбы з негатыўнымі наступствамі капіталістычнай сістэмы.

На думку ватыканскага навукоўцы, сёння перад сацыяльным вучэннем Касцёла стаяць пяць галоўных выклікаў: першы тычыцца эндэмічнага і сістэматычнага росту сацыяльнай няроўнасці; другі – знішчэння навакольнага асяроддзя; трэці – так званага “парадоксу шчасця”, звязанага з ростам самагубстваў у заможных краінах; чацвёрты – разглядання чалавечай працы на ўзроўні сыравінны; пяты выклік – датычыць трансгуманістычнага праекту, які праз штучны інтэлект хоча зменшыць значэнне чалавека.

Прафесар Дзаманьі адзначыў важнасць каталіцкай сацыяльнай думкі для пераадолення гэтых праблем і заклікаў тэолагаў не баяцца казаць пра яе на розных міжнародных пляцоўках.
 

03 сакавіка 2023, 12:24