Пошук

Папа і іерархі Рымскай курыі падчас казання кардынала Раньера Канталамесы Папа і іерархі Рымскай курыі падчас казання кардынала Раньера Канталамесы  (Vatican Media)

Папскі прапаведнік: літургія – месца сапраўднага досведу Бога

Літургія дазваляе вярнуць пачуццё сакральнасці ў свет, - заўважыў кардынал Раньера Канталамеса ў чацвёртым велікапосным казанні для Папы і кіраўнікоў структур Рымскай курыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Праведнік Папскага дома прысвяціў сваё разважанне літургіі, якую назваў “пунктам прыбыцця, да якога вядзе евангелізацыя”. “У евангельскай прыпавесці, слугі былі пакліканы выйсці на дарогі і ростані, каб запрасіць усіх на вяселле. Касцёл – гэта вясельная зала, а Эўхарыстыя – “Вячэра Пана” (1 Кар 11,20), падрыхтаваная на ім”, - сказаў капуцын 24 сакавіка 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Кардынал Канталамеса звярнуў увагу на згубу пачуцця сакральнасці ў сучасным свеце і патрэбу ў тым, каб выцягнуць моладзь з “банальнасці будзённасці”. “Давайце паспрабуем паглядзець, праз якія сродкі Касцёл можа быць для сучасных людзей прывілеяваным месцам сапраўднага досведу Бога і трансцэндэнтнасці”, - прапанаваў ён.

Прапаведнік заўважыў, што такімі месцамі могуць быць вялікія сустрэчы, якія арганізуюцца рознымі хрысціянскімі Цэрквамі, напрыклад Сусветныя дні моладзі, розныя кангрэсы і канферэнцыі. “Немагчыма падлічыць для колькіх людзей такія падзеі сталі магчымасцю для сустрэчы з Богам і для пачатку новых і асабістых адносін з Хрыстом”, - адзначыў кардынал, дадаючы, што тут, аднак, гаворка ідзе пра надзвычайныя мерапрыемствы, у якіх не ўсе і не заўсёды могуць удзельнічаць.

“Самай дасканалай і ўседаступнай магчымасцю для сустрэчы з сакральнасцю ў Касцёле з’яўляецца літургія”, - сказаў іерарх. Ён нагадаў пра эвалюцыю каталіцкай літургіі, якая стала ў большай меры дзеяннем усяго Божага народа. Гэта характарыстыка адрознівала літургію першых стагоддзяў Касцёла ад літургіі больш позняга перыяду, якая спазнала на сабе моцны ўплыў клерыкалізацыі. Менавіта ў літургіі клерыкалізацыя праявіла сябе найбольш выразным чынам, - падкрэсліў кардынал Канталамеса.

Іерарх нагадаў, што, як на Усходзе, так і на Захадзе, ператварэнне літургіі з дзеяння народа ў дзеянне духавенства адбылося вельмі хутка. На працягу стагоддзяў яе цэнтральная частка, якой з’яўляецца канон, прамаўлялася на лацінскай мове святаром, ціхім голасам, за завесай ці сцяной, нябачна і нячутна для народа. Такім чынам адбывалася вяртанне да культу Старога Запавету, калі першасвятар уваходзіў у Sancta sanctorum, з кадзілам і крывёй ахвярных жывёл, а народ заставаўся звонку, дрыжачы, ахоплены пачуццём велічы і недаступнасці Бога, лічыць прапаведнік.

“Сэнс сакральнасці тут вельмі моцны, але, пасля Хрыста, ці з’яўляецца ён правільным і сапраўдным?”, - прапанаваў задумацца кардынал, дадаючы, што здзіўленне і захапленне выклікае менавіта пакора і прыніжэнне Пана, які заклікае вернікаў наследаваць Яго.

Кардынал Канталамеса назваў іншымі важнымі літургічнымі сродкамі, якія дазваляюць дасягнуць сэрцаў людзей, абвяшчэнне Божага слова, святую Камунію, пасля якой абавязкова павінен быць момант для містычнай цішыні, а таксама эўхарыстычную адарацыю, якая грае важную ролю, у тым ліку, у евангелізацыі.

“Напоўнены вернікамі касцёл у поўнай цішыні падчас гадзіннай адарацыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам прымусіў бы кожнага, хто выпадкова ўвайшоў бы ў гэты момант, сказаць: “Тут ёсць Бог!”. Памятаю каментар аднаго некатоліка пасля гадзіны маўклівай эўхарыстычнай адарацыі ў вялікім парафіяльным касцёле ў Злучаных Штатах, напоўненым вернікамі: “Цяпер я разумею, - сказаў ён сябру, - што вы, католікі, маеце на ўвазе. калі вы кажаце пра “рэальную прысутнасць”!”, - падзяліўся капуцын.

Кардынал са шкадаваннем дадаў, што ў Касцёле ўсё менш і менш выкарыстоўваюцца такія цудоўныя старажытныя спевы на лацінскай мове, як Adoro te devote, Ave verum і Panis angelicus, якія на працягу стагоддзяў служылі многім пакаленням вернікаў розных моваў для выразу іх гарачай пабожнасці перад Езусам у Эўхарыстыі.

Каб быць здольнымі вярнуць сучасным людзям адчуванне сакральнасці падчас літургіі кардынал Канталамеса заклікаў святароў перад кожнай святой Імшой маліцца да Святога Духа, каб аднавіў у іх святарскае намашчэнне і ўклаў у іх сэрцы той жа імпульс, які паклаў у сэрца Хрыста, што “праз вечнага Духа сябе самога ахвяраваў як беззаганнага Богу” (Гбр 9, 14). “Молімся, каб тое, што адбылося ў Галаве, адбывалася і ў нас, членах Яго цела”, - завяршыў казанне прапаведнік Папскага дому.
 

24 сакавіка 2023, 10:38