Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (allison dinner)

Кардынал Паралін: адукацыя – ключавы элемент для будавання міру

Адукацыя – гэта не толькі ключавы кампанент для асабістага развіцця чалавека, але таксама адзін з найлепшых і наймацнейшых спосабаў для прасоўвання мірнага суіснавання паміж людзьмі і народамі, - нагадаў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў круглага стала на тэму: Адважыцца на мір. Шляхі адукацыі, арганізаванага Папскім факультэтам навук аб выхаванні Auxilium – навучальнай установы кангрэгацыі Дачок Марыі Дапаможніцы, якая дзейнічае ў Рыме.

Ініцыятыва была прымеркавана да Міжнароднага жаночага дня і прайшла пры ўдзеле васьмі амбасадарак з розных кантынентаў, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы: Аўстраліі, Усходняга Тымору, Еўрапейскага Саюза, Ганы, Іспаніі, Балівіі, Францыі і Албаніі.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падкрэсліў, што “адукацыя дае юнакам і дзяўчатам неабходныя інструменты не толькі для разумення сучаснасці, але таксама для супольнага будавання заўтрашняга дня”.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на “адукацыйную катастрофу” у некаторых рэгіёнах планеты, дзе ў дзяцей і моладзі практычна адсутнічае магчымасць для атрымання адукацыі. Таксама, у выніку “ідэалагізаваных рашэнняў” – са шкадаваннем зазначыў іерарх, – “многія дзеці не атрымалі адукацыі, якой заслугоўваюць”, што правакуе негатыўныя наступствы для ўсяго грамадства.

Дзяржсакратар Яго Святасці падкрэсліў, што мэта забеспячэння роўнага доступу да адукацыі дагэтуль патрабуе вялікіх намаганняў і сур’ёзнай палітычнай адказнасці. У прыватнасці ён нагадаў словы Папы пра важную ролю жанчын у захаванні і прасоўванні міру ў грамадстве і паміж народамі, у прадухіленні канфліктаў і ў дыпламатыі. У сувязі з гэтым іерарх адзначыў надзвычайную важнасць гарантавання доступу дзяўчын да адукацыі.
 

09 сакавіка 2023, 09:32