Пошук

Кардынал Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Паралін. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Паралін пра прыём мігрантаў: страх – вялікі вораг гасціннасці

Размаўляючы з журналістамі пасля адкрыцця навучальных курсаў на тэму гасціннасці ў мястэчцы Сакрафана бліз Рыма, Дзяржаўны сакратар заклікаў перагледзець палітыку прыёму мігрантаў, "каб міграцыя была бяспечнай” і трагедыі больш не паўтараліся.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прысутнасць братоў-мігрантаў дае "магчымасць для чалавечага росту, сустрэчы і дыялогу паміж культурамі і рэлігіямі", - гаворыцца ў пасланні Францішка з нагоды адкрыцця навучальных курсаў на тэму гасціннасці, якія праходзяць у Сакрафана 6-10 сакавіка 2023 года. Тэкст паслання зачытаў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін. У ім Францішак заклікаў да “умацавання духу гасціннасці і салідарнасці, каб спрыяць міру і братэрству паміж народамі".

Падчас сустрэчы з журналістамі ў кулуарах мерапрыемства кардынал Паралін падкрэсліў, што для Святога Пасаду "заўсёды дзейнічае прынцып, згодна з якім у першую чаргу неабходна ратаваць людзей, каб не страціць чалавечыя жыцці", як гэта адбылося ў Кратонэ.

Дзяржсакратар адзначыў неабходнасць “больш пазітыўнага стаўленне да міграцыі”. “На жаль, у нас пераважае страх”, “вялікі вораг гасціннасці”, - лічыць кардынал Паралін. Ён выказаў надзею на тое, што курсы па гасціннасці "дапамогуць пераадолець пачуццё страху," падкрэсляць яго сур'ёзныя рызыкі, а таксама створаць інфармацыйныя і навучальныя механізмы, здольныя змяняць грамадскую думку.

"Вядома, гасціннасці нельга навучыцца за школьнай партай”, але было б карысна, каб акадэмічныя даследаванні дапамаглі нам зразумець, чаму неабходна быць гасціннымі, дадалі культурнае і акадэмічнае вымярэнне да салідарнасці, якой кіруюць сэрца, вера і пачуццё ўсеагульнага братэрства, - адзначыў іерарх. Па яго словах, менавіта пачуццё ўсеагульнага братэрства з'яўляецца глыбокай асновай гасціннасці, сёння як ніколі неабходнай для пабудовы свету, у якім “права на свабоднае і годнае жыццё гарантуецца кожнаму чалавеку", дзе б ён ні знаходзіўся.

07 сакавіка 2023, 12:25